Фота з архіва
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь актывізуе пастаўкі цяжкай тэхнікі і прадуктаў харчавання ў Магаданскую вобласць. Аб гэтым заявіў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Адзін з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва з Магаданскай вобласцю - цяжкае машынабудаванне. Мы паставілі туды за 2023 год 43 машыны. З іх 20 кар'ерных самазвалаў (і яны паспяхова замяшчаюць японскія і амерыканскія аналагі), 20 трактароў і тры МАЗы. На 2024 год у нас запланаваны пастаўкі машын, у асноўным гэта тэхніка МАЗа, а таксама трактары і БЕЛАЗы. Сёння абмяркоўвалася стварэнне мультыбрэндавага сэрвіснага цэнтра, які дасць магчымасць комплексна закрыць усе пытанні адносна сэрвісу нашых асноўных машын вытворчасці БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, што пастаўляюцца ў Магаданскую вобласць. Ёсць сэрвісны цэнтр, мы будзем весці перагаворы, каб павялічыць аб'ёмы, стварыць склад запасных частак, што дасць магчымасць хутка забяспечваць сэрвіс. Менавіта ў гэтым напрамку мы зможам стварыць сур'ёзную канкурэнцыю кітайскім партнёрам, якія таксама прысутнічаюць на гэтым рынку", - сказаў Аляксей Багданаў.
Яшчэ адзін важны напрамак - прадукты харчавання. "Мы дамовіліся з адным з буйнейшых дылераў нашых тавараў на Далёкім Усходзе, што ён возьмецца таксама за Магаданскую вобласць і сур'ёзна наросціць аб'ёмы паставак. Паколькі прамых зносін няма, даводзіцца везці ва Уладзівасток усю прадукцыю і адтуль марскім шляхам давозіць да Магаданскай вобласці", - адзначыў міністр.
Перспектыўным напрамкам таксама з'яўляецца сумесная здабыча і апрацоўка каштоўных металаў. Акрамя таго, запланавана актывізацыя супрацоўніцтва ў галіне санаторна-курортнага лячэння.-0-
Фота Паўла Арлоўскага