Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 кастрычніка 2020, 18:00

Беларусь абмяжоўвае ўвоз авечак і коз з Калужскай і Маскоўскай абласцей Расіі з-за воспы

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь абмяжоўвае ўвоз авечак і коз з Калужскай і Маскоўскай абласцей Расіі з-за воспы. Такая інфармацыя размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча, паведамляе БЕЛТА.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя жывёл, на тэрыторыі Калужскай і Маскоўскай абласцей зарэгістраваны выпадкі захворвання на воспу авечак і коз. У сувязі з гэтым з 30 кастрычніка ўведзены часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з гэтых рэгіёнаў забойных, племянных і карыстальных авечак і коз, дзікіх, заапаркавых і цыркавых дробных парнакапытных (коз, архараў, ланей, тураў, муфлонаў, казярогаў, казуль), малака і малочнай прадукцыі ад гэтых жывёл, гарбарнай, рогакапытнай, смушковай сыравіны, воўны, казінага пуху і інш.

Прыпыняюцца ўсе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз названых тавараў у Беларусь з Калужскай і Маскоўскай абласцей.

У Дэпартаменце ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча інфармуюць аб неабходнасці дадатковых мер кантролю па забеспячэнні біялагічнай абароны жывёлагадоўчых аб'ектаў усіх форм уласнасці.

Воспа авечак і коз - высокакантагіёзная асабліва небяспечная хвароба, якая характарызуецца гарачкай і ўтварэннем у эпітэліі скуры і слізістых абалонак папулёзна-пустулёзных пашкоджанняў. На воспу хварэюць авечкі ўсіх узростаў і парод, асабліва танкарунныя. У звычайных умовах авечкі часцей заражаюцца пры кантакце здаровых жывёл з хворымі. Сярод коз найбольш успрымальныя да захворвання жывёлы малочных і танкарунных парод. Калі пры дабраякаснай форме воспы лятальнасць не перавышае 2-3 працэнты, то пры зліўной і гемарагічнай яна дасягае 100 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі