Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 кастрычніка 2020, 12:28

БелАЭС атрымала сёмую лінію сувязі з энергасістэмай

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская АЭС атрымала сёмую сувязь з энергасістэмай Беларусі - падключана высакавольтная лінія электраперадачы "БелАЭС - Рось", паведамілі БЕЛТА ў сектары па рабоце са СМІ ДВА "Белэнерга".

Лінія працягласцю 250 км звязала высакавольтнае размеркавальнае ўстройства Беларускай АЭС з падстанцыяй 330 кВ "Рось", забяспечыўшы ў далейшым перадачу энергіі ад АЭС у заходнюю частку энергасістэмы рэспублікі. Гэта самая працяглая лінія электраперадачы ВЛ-330 кВ у энергасістэме Беларусі.

Абсталяванне размеркавальнага ўстройства на БелАЭС, звязанага з гэтай лініяй электраперадачы, і абсталяванне самой лініі электраперадачы знаходзяцца цяпер у рэжыме комплекснага апрабавання. "Уключэнне высакавольтнай лініі "БелАЭС-Рось" дасць магчымасць забяспечваць аптымальныя рэжымы энергасістэмы як да, так і пасля ўводу ў работу энергаблокаў Беларускай АЭС", - растлумачылі ў "Белэнерга".

Як паведамлялася ўжо, раней былі ўключаны 6 паветраных ліній электраперадачы, якія забяспечваюць сувязь АЭС з энергааб'ектамі сістэмаўтваральнай сеткі Беларусі (падстанцыямі 330 кВ). Гэтыя лініі электраперадачы забяспечаны надзейнай аховай ад розных відаў кароткіх замыканняў.

"У працэсе ўключэння высакавольтных ліній электраперадачы, якія злучаюць Беларускую АЭС з энергасістэмай, дыспетчарскі персанал разам са спецыялістамі службаў рэжымаў, рэлейнай абароны і іншымі службамі вырашалі складаныя, у тым ліку і нестандартныя, задачы. Арганізоўваліся часовыя лініі электраперадачы, пералічваліся характарыстыкі і ўстаўкі рэлейнай абароны для надзейнай работы энергасістэмы ва ўмовах пастаянных змяненняў. Усё гэта рабілася, каб вытрымаць стандарты якасці электразабеспячэння спажыўцоў пры захаванні аптымальных рэжымаў работы энергасістэмы", - растлумачылі ў "Белэнерга".

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае дзяржкарпарацыя "Расатам". Энергетычны пуск першага энергаблока плануецца 7 лістапада 2020 года. Увод другога энергаблока прадугледжаны ў 2022 годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі