Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 ліпеня 2020, 15:57

БелАЭС адкрые новыя магчымасці для развіцця электратранспарту - Каранкевіч

15 ліпеня, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Беларуская атамная электрастанцыя адкрые новыя магчымасці для развіцця электратранспарту. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч сёння ў час Дня электратранспарту ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кіраўніком дзяржавы прыняты рашэнні па стымуляванні выкарыстання электратранспарту, развіцці электразараднай інфраструктуры. Усё гэта ўжо стварыла аснову для паспяховага пашырэння электрамабіляў на ўнутраным рынку, таксама гэта і новыя рабочыя месцы, і стварэнне больш камфортных умоў для жыцця грамадзян краіны, - сказаў Віктар Каранкевіч. - Увод у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі адкрые новыя магчымасці для развіцця галіны. Гэта надзейная і чыстая крыніца энергіі ў нашай краіне, якая створыць стымул да развіцця не толькі электратранспарту, але і навукі, медыцыны, прамысловасці ў цэлым. Гэта ўкараненне ў эканоміку новых тэхналогій".

"Ужо цяпер мы маем дадатную дынаміку ў электраспажыванні на мэты электразарадкі транспарту. Калі ў 2019 годзе гэты паказчык склаў 3,8 млн кВт.гадз, то за першы квартал бягучага года - 2 млн кВт.гадз. У цэлым да канца года мы чакаем выйсці на 12 млн кВт.гадз. Рост спажывання павялічыцца больш як у тры разы да ўзроўню мінулага года", - сказаў ён.

Паводле слоў міністра, кіраўнік дзяржавы дакладна адзначыў, што электратранспарт - гэта будучыня: паводле ацэнак міжнародных агенцтваў, да 2040 года трэць ўсяго аўтапарка ў свеце будзе электрычным. "Выкарыстанне электратранспарту - гэта і зніжэнне шкодных выкідаў у атмасферу, і аздараўленне гарадскога асяроддзя, і павышэнне бяспекі на дарогах, таму развіццё гэтага сегмента - важны прыярытэт для Беларусі", - дадаў ён.

Віктар Каранкевіч таксама падзякаваў адміністрацыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і кітайскім партнёрам за падтрымку ў арганізацыі Дня электратранспарту. "На пляцоўцы парка "Вялікі камень" такое мерапрыемства праводзіцца ўпершыню. Спадзяюся, гэта стане добрай традыцыяй у будучым", - сказаў ён.

"Сённяшняе мерапрыемства для парка ганаровае і радаснае. Мы з вялікім гонарам прадаставілі сваю тэрыторыю для правядзення Дня электратранспарту. Тут прадстаўлены ўзоры, якія ўжо вырабляюцца ў нас у краіне, яны толькі пачынаюць эксплуатавацца, а таксама тыя, якія будуць выпускацца. Як прыклад, літаральна месяц таму мы прынялі інвестара-рэзідэнта з Літвы, які будзе вырабляць электраскутары для нашых спажыўцоў - грамадзян Беларусі", - адзначыў кіраўнік адміністрацыі парка "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка.

Генеральны дырэктар СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка" Янь Ган падкрэсліў, што развіццё аўтатранспарту на новых крыніцах энергіі мае вялікую будучыню ў Беларусі. "На працягу апошніх 20 гадоў услед за бесперапынным развіццём навукі і тэхнікі галіна аўтамабілебудавання зведвае значныя змяненні. Традыцыйныя аўто, якія працуюць на бензіне і дызельным паліве, паступова ўступаюць месца гібрыдным і чыстым электрамабілям", - сказаў ён.

Чалавецтва пераходзіць ад празмернай залежнасці ад традыцыйных энергарэсурсаў да асваення зялёных, аднаўляльных крыніц энергіі. Гэты пераход адпавядае праграме ААН па ахове навакольнага асяроддзя, якая актыўна папулярызуецца па ўсім свеце. "21-е стагоддзе - гэта эпоха новых энергарэсурсаў. Беларусь з'яўляецца адной з асноўных краін - імпарцёраў энергарэсурсаў у ЕАЭС, і пашырэнне новых крыніц энергіі і іншых зялёных галін эканомікі безумоўна будуць садзейнічаць эканамічнаму развіццю дзяржавы ў будучым", - дадаў гендырэктар кампаніі.

Як адзначыў Янь Ган, індустрыяльны парк "Вялікі камень" як важная платформа гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва гатовы ўкладваць яшчэ больш намаганняў і рэсурсаў у развіццё гэтай сферы. "Мы будзем прыцягваць яшчэ больш прадпрыемстваў з Кітая, Еўропы і Амерыкі для стварэння вытворчых ланцужкоў першасных і другасных сектараў па вытворчасці аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для запускаў вытворчасці прадукцыі айчынных брэндаў Беларусі. Цяпер парк ажыццяўляе пераход ад этапу будаўніцтва і асваення да этапу высакаякаснага развіцця. Машынабудаванне з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў", - падвёў вынік ён.

Дзень электратранспарту прайшоў сёння ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". На тэрыторыі парка працавала дэманстрацыйная пляцоўка, дзе былі прадстаўлены розныя мадэлі электратранспарту - ад электробусаў і электрамабіляў да электраматацыклаў і электрасамакатаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел МАЗ, "Белкамунмаш", Аб'яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі, прыборабудаўнічы завод "Аптрон", ВА "Беларуснафта", Geely, кампаніі-рэзідэнты індустрыяльнага парка "Вялікі камень" "ЕЕС-груп", "Чэнду Сіньчжу", кампанія Greencars. Арганізатарамі выступілі Міністэрства энергетыкі Беларусі і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі