Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
31 ліпеня 2020, 09:11

БелАЭС адкрые новыя магчымасці для развіцця эканомікі - Каранкевіч

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Увод у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі будзе садзейнічаць рэалізацыі інавацыйных праектаў у розных галінах эканомікі. Аб гэтым заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з працоўным калектывам філіяла "Ашмянскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэнерга.

"Гэта новыя магчымасці для росту эканомікі, шырокага ўкаранення інавацый, важны элемент устойлівага развіцця краіны", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч. Ён праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы аб ходзе рэалізацыі праекта па ўзвядзенні атамнай электрастанцыі, удзяліўшы ўвагу яе бяспецы і экалагічнасці.

Размова таксама ішла аб асноўных выніках мадэрнізацыі беларускай энергетычнай сістэмы, у тым ліку аб'ектаў электраэнергетыкі. У адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы за апошнія 10 гадоў у Беларусі рэканструявана 25 электрастанцый, пабудавана і мадэрнізавана амаль 3 тыс. МВт, або каля 30 працэнтаў усіх генерыруючых магутнасцей краіны. Буйнейшыя з іх - Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, Мінская ЦЭЦ-5. Праведзена работа па рэканструкцыі і будаўніцтве электрычных падстанцый, высакавольтных і размеркавальных ліній электраперадачы, агульная працягласць якіх цяпер складае 280 тыс. км.

На заканчэнне сустрэчы міністр адказаў на пытанні работнікаў прадпрыемства, якія датычыліся жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі электрасетак у мэтах выкарыстання электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, перспектыў далейшага развіцця галіны. На кожнае пытанне Віктар Каранкевіч даў тлумачэнні, а звароты, якія патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі, узяў на асабісты кантроль.

Філіял "Ашмянскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга" ажыццяўляе электразабеспячэнне спажыўцоў чатырох раёнаў: Ашмянскага, Смаргонскага, Астравецкага і Іўеўскага. На абслугоўванні філіяла знаходзяцца больш як 17 тыс. спажыўцоў электраэнергіі. На прадпрыемстве працуюць 680 чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі