Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 лютага 2023, 09:37

"Бархім" мадэрнізуе вытворчасць вадкіх мыйных сродкаў

10 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Бархім" мае намер рэалізаваць інвестыцыйны праект па рэканструкцыі вытворчасці мыйных сродкаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Святлана Шляпцова.

"Уся вытворчасць дзеліцца на два падраздзяленні: вытворчасць парашкападобных сыпучых мыйных сродкаў і вадкіх мыйных сродкаў. Сутнасць праекта - у мадэрнізацыі вытворчасці і нарошчванні аб'ёму выпуску вадкіх мыйных сродкаў. Арыенціровачна ён павялічыцца ў 15 разоў. Плануем вырабляць да 6 тыс. т у год - гэта гелі для мыцця, вадкае мыла, кандыцыянеры, адбельваючыя сродкі", - расказала Святалана Шляпцова.

Рэалізаваць інвестыцыйны праект на заводзе маюць намер да канца 2024 года. Ужо распрацавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, выбрана інжынірынгавая кампанія, праводзяцца тэндары па выбары вытворцаў абсталявання. У прыватнасці, на прадпрыемстве пабудуюць другую лінію разліву. Яе зробяць універсальнай, каб разліваць прадукцыю ў бутэлькі рознай формы і аб'ёму - ад 1 л да 5 л.

Дзякуючы гэтаму інвестпраекту створаць не менш за дзесяць новых рабочых месцаў. "Вытворчасць патрабуе тэхнічнага перааснашчэння. Там шмат ручной працы, якую трэба замяніць большай аўтаматызацыяй. Цяпер павышаецца попыт менавіта на вадкія мыйныя сродкі. Мы хочам прапанаваць рынку больш шырокі асартымент прадукцыі", - адзначыла дырэктар прадпрыемства.

На ўнутраны рынак баранавічане пастаўляюць асноўную частку сваёй прадукцыі. Прыблізна 20 працэнтаў ад агульнага аб'ёму адгружаецца за мяжу. "У нас ідзе рост экспарту, але перш за ўсё мы нацэлены на насычэнне айчыннага рынку. Гэта асноўная задача. За мяжу ў асноўным пастаўляем у Расію, ёсць контрагенты ў Кыргызстане, Арменіі, Казахстане. Вядзём перагаворы з іншымі краінамі", - дадала намеснік дырэктара - начальнік планава-эканамічнага аддзела Наталля Касцюкевіч.

"Бархім" - даччыная кампанія холдынга "Белрэсурсы". Гісторыя прадпрыемства налічвае больш за 75 гадоў. Там працуюць каля 150 чалавек. Выпускаюць тавары бытавой і прамысловай хіміі, сінтэтычныя мыйныя сродкі. На вытворчасці ўкаранёна сістэма менеджменту якасці ISO 90001, ёсць уласная выпрабавальная лабараторыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі