Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 красавіка 2020, 09:18

Банкам рэкамендавана аблегчыць крэдытную нагрузку на ўладальнікаў новых прыватных ГЦ

29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі даў указанне банкам прадаставіць адтэрміноўкі або растэрміноўкі па крэдытах уладальнікам новых прыватных гандлёвых цэнтраў, каб тыя змаглі прадаставіць аналагічныя льготы сваім арандатарам. Аб гэтым у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой, паведамляе БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка падпісаў указ нумар 143 "Аб падтрымцы эканомікі". Сярод іншых мер дакументам уводзяцца арэндныя канікулы, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні і арэнднай платы. Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам - уласнікам маёмасці - рэкамендавана прадастаўляць арандатарам адтэрміноўку па аплаце арэнднай платы, а таксама змяншаць яе памер з улікам аб'ёму іх выручкі.

"Прэзідэнт прыняў рашэнне адносна арэнды дзяржуласнасці, але пры гэтым дадзена рэкамендацыя і прыватным гандлёвым цэнтрам рабіць гэтак жа. Прыватныя ГЦ гавораць: мы гатовы гэта рабіць. І дзве трэці, сапраўды, робяць. Ніхто ж не хоча страчваць сваіх кліентаў-арандатараў. Але ёсць і такія (асабліва з нядаўна ўведзеных), хто апынуўся ў складанай сітуацыі з банкамі - яны ж узялі крэдыты на будаўніцтва. Таму банкам дадзена ўказанне, каб яны ў адносінах да такіх прыватных арэндадаўцаў, якія пабудавалі новыя гандлёвыя цэнтры, прынялі меры па прадастаўленні нейкіх крэдытных растэрміновак і адтэрміновак. Каб тыя потым змаглі прыняць аналагічныя рашэнні ў адносінах да сваіх арандатараў", - сказаў Дзмітрый Крутой.

Нагадаем, што, згодна з дакументам, прадпрыемствам таксама прадастаўлены адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў, скарочаны тэрмін вяртання з бюджэту розніцы паміж сумай падатковых вылікаў і агульнай сумай ПДВ. Індывідуальным прадпрымальнікам прадастаўляецца магчымасць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладання і пераразліку адзінага падатку ў сувязі з часовым неажыццяўленнем імі дзейнасці. І яшчэ цэлы комплекс мер падтрымкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі