Сцяг Панядзелак, 17 сакавіка 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 лютага 2025, 11:10

Банк развіцця будзе садзейнічаць росту тавараабароту паміж Беларуссю і Башкортастанам

Фота Банка развіцця
Фота Банка развіцця
7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банк развіцця будзе садзейнічаць росту тавараабароту паміж Беларуссю і Башкортастанам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банка.

Кіраўнікі рэгіёнаў Расіі - пастаянныя госці Беларусі. З іх удзелам рэгулярна праводзяцца сустрэчы на самым высокім узроўні, дзе абмяркоўваюцца перспектыўныя пытанні супрацоўніцтва і паглыблення ўзаемадзеяння па эканамічных напрамках. Пасля чаго працэс пераходзіць у практычную плоскасць: беларускія суб'екты гаспадарання з расійскімі партнёрамі актыўна ўключаюцца ў работу над сумеснымі праектамі, у тым ліку ў галіне экспартных паставак айчынных тавараў і паслуг. Беларусь прапануе не толькі прадукцыю, але і льготныя фінансавыя інструменты для яе набыцця. Нядаўна Банкам развіцця яны былі прэзентаваны кіраўніцтву Хабараўскага края, а цяпер эфектыўнасць іх прымянення для павелічэння знешнегандлёвага супрацоўніцтва абмяркоўвалася на сустрэчы з прадстаўнікамі Башкортастана.

"Пры падтрымцы Банка развіцця рэалізавана вялікая колькасць экспартных праектаў з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Іх вынікі прадэманстравалі эфектыўнасць такой работы, і сёння мы бачым актыўны попыт на фінансавыя інструменты банка як з боку айчынных вытворцаў, так і з боку расійскіх партнёраў. Перакананы, што наша сустрэча надасць імпульс плённаму супрацоўніцтву з суб'ектамі Башкортастана ў частцы павелічэння паставак прадукцыі беларускай вытворчасці", - сказаў першы намеснік старшыні праўлення Банка развіцця Раман Бродаў.

Сёння Беларусь і Башкортастан супрацоўнічаюць на ўсіх узроўнях: ад муніцыпальнага да дзяржаўнага. Развіваецца прамысловая кааперацыя, умацоўваюцца эканамічныя і культурныя сувязі. Паводле слоў намесніка міністра эканамічнага развіцця і інвестыцыйнай палітыкі Башкортастана Міхаіла Ізотава, у рэгіёне з мэтай інтэграцыі эканамічных і інвестыцыйных працэсаў для партнёраў-інвестараў з Беларусі актыўна будуюцца прамысловыя пляцоўкі і інфраструктура.

"Сумесна з калегамі мы прааналізавалі прадукты банка і адзначылі шмат цікавых для сябе напрамкаў. У першую чаргу хацелася б падрабязна абмеркаваць умовы прадастаўлення Банкам развіцця рэсурсаў і варыянты нашага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў рамках рэалізацыі сумесных праектаў, работы беларускіх спецыялістаў і паставак прадукцыі вашай прамысловасці", - сказаў Міхаіл Ізотаў.

Расійскім партнёрам у дэталях расказалі аб рабоце банка па экспартным фінансаванні. У прыватнасці, у ходзе перагавораў было адзначана, што яно з'яўляецца дзейсным механізмам міжнароднага ўзаемадзеяння і ўключае розныя мадэлі прадастаўлення льготных рэсурсаў для набыцця прадукцыі і аплаты паслуг беларускіх спецыялістаў. Пры гэтым прадстаўнікі банка звярнулі ўвагу на тое, што выкарыстанне такіх крэдытаў выгадна для ўсіх удзельнікаў працэсу. Прапануючы іх замежным партнёрам, айчынныя прадпрыемствы маюць дадатковыя перавагі над канкурэнтамі, атрымліваюць экспартную выручку і маштабуюць сваю прысутнасць на замежных рынках. У сваю чаргу пакупнікам прадукцыі даступны танныя рэсурсы са зручным графікам плацяжоў.

Па выніках работы за 11 месяцаў мінулага года Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краін-контрагентаў Башкортастана. "У знешнегандлёвым абароце расійскага рэгіёна доля экспартуемых нашай краінай тавараў і паслуг складае больш за 53 працэнты. І гэта не мяжа. Банк развіцця прадоўжыць актыўна садзейнічаць росту тавараабароту паміж Беларуссю і Башкортастанам і ўмацоўваць узаемадзеянне з гэтым адным з найбольш эканамічна развітых расійскіх рэгіёнаў", - адзначылі ў банку.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі