
20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя з цэнамі ў беларускіх магазінах стабілізавалася, а пераходны перыяд бізнесу закончыўся. Аб гэтым заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што датычыцца пытання цэнаўтварэння, то пастанова ўрада нумар 713 "Аб сістэме рэгулявання цэн" дзейнічае. Мы ўсе з вамі ходзім у магазіны і бачым, што сітуацыя з цэнамі стабілізавалася. Калі раней і былі нейкія перабоі з таварамі, то цяпер усё аднавілася і пераходны перыяд бізнесу закончыўся. На гэты момант тавары на паліцах магазінаў прысутнічаюць у шырокім асартыменце", - падкрэсліў Аляксей Багданаў.
Паводле яго слоў, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама іншыя дзяржорганы разам з грамадскім кантролем - Федэрацыяй прафсаюзаў, Саветам Рэспублікі і дэпутацкім корпусам, праводзяць кантрольныя мерапрыемствы на прадмет выканання новага заканадаўства.
"Калі праблемныя пытанні ўзнікаюць, то ўсё вырашаецца аператыўна, у цэлым сітуацыя стабільная", - запэўніў кіраўнік ведамства.-0-