Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 верасня 2022, 15:56

Багданаў: наша задача - максімальна забяспечыць унутраны рынак беларускай прадукцыяй

8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наша задача - забяспечыць максімальнае насычэнне ўнутранага рынку беларускай прадукцыяй. Аб гэтым заявіў сёння міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў на міжнародным форуме "Трэйд Дыялог" у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ва ўсіх удзельнікаў рынку агульная задача - забяспечыць айчынных спажыўцоў разнастайнай і даступнай па цане прадукцыяй. Мы павінны ўлічыць інтарэсы ўсіх катэгорый пакупнікоў. Для гэтага ўсім бакам неабходна шукаць кампрамісы і збліжаць пазіцыі. Сёння мы арганізавалі форум "Трэйд дыялог", дзе сабраўся ўвесь гандаль нашай краіны: большасць вытворцаў, імпарцёраў, пастаўшчыкоў, а таксама наша грамадскае харчаванне - рэстараны, кафэ. У парадку дня такія пытанні, як павелічэнне долі продажу айчыннай прадукцыі, павышэнне якасці і сэрвісу, развіццё гандлю ў сельскай мясцовасці", - сказаў Аляксей Багданаў.

"Наша задача - забяспечыць максімальнае насычэнне ўнутранага рынку беларускай прадукцыяй, павялічыць прысутнасць айчынных тавараў на паліцах магазінаў. За апошняе дзесяцігоддзе працэнт прадстаўленасці і продажаў у рознічным гандлі нашых тавараў паступова зніжаўся. За першае паўгоддзе гэтага года нам удалося змяніць тэндэнцыю. Аб'ём айчыннай прадукцыі ў рознічным тавараабароце вырас на 1,1 працэнта. Мы павялічылі аб'ёмы продажаў па 22 харчовых і 11 нехарчовых пазіцыях тавараў. Гэту тэндэнцыю мы будзем прадаўжаць і далей", - падкрэсліў міністр.

Паводле слоў Аляксея Багданава, у нацыянальнай дактрыне харчовай бяспекі запісана, што на паліцы павінна быць 80-85 працэнтаў айчыннай прадукцыі. "Калі браць харчовы сектар, то тут мы блізка знаходзімся да гэтага паказчыка. Цяпер ён складае 77 працэнтаў, а па некаторых пазіцыях (мяса, малако, курынае яйка, мучныя і кандытарскія вырабы) мы фактычна падыходзім да 100 працэнтаў і маем вялікі экспартны патэнцыял. У нехарчовым сектары тавараў - 41,3 працэнта. У гэтай частцы нам трэба будзе дапрацоўваць. У прыватнасці, гэта тавары лёгкай прамысловасці, прамысловай вытворчасці - тэлевізары, халадзільнікі. У першым паўгоддзі мы павялічылі ўжо аб'ём рэалізацыі халадзільнікаў і электрапрыбораў", - расказаў ён.

На форуме таксама будуць разгледжаны пытанні павышэння якасці сэрвісу і абслугоўвання ў магазінах, рэстаранах, кафэ і г.д. "Зарэгістравана больш за 2 тыс. суб'ектаў, якія займаюцца грамадскім харчаваннем. За першае паўгоддзе рост склаў больш за 200 гандлёвых аб'ектаў, - заўважыў кіраўнік міністэрства. - Яшчэ адзін блок пытанняў, якія мы будзем абмяркоўваць, звязаны з тэзісам, выказаным Прэзідэнтам, - стандарты горада ў вёску. Гэта значыць, гандаль павінен павышаць якасць абслугоўвання і пашыраць сваю прысутнасць у сельскай мясцовасці".

Што датычыцца пытанняў імпартазамяшчэння, то МАРГ штогод праводзіць аналіз статыстыкі, кан'юнктуры рынку і вылучае тыя таварныя групы ў харчовым і нехарчовым сектарах, якія неабходна замясціць і на якія вытворцам неабходна звярнуць увагу. Ужо сфарміравана група з 377 пазіцый. Яна размешчана на сайце МАРГ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі