Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 чэрвеня 2022, 13:15

Азараў разлічвае на садзейнічанне Беларусі ў вырашэнні праблем АЎТАВАЗа

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Губернатар Самарскай вобласці Дзмітрый Азараў разлічвае на садзейнічанне Беларусі ў вырашэнні праблем расійскага аўтамабільнага гіганта АЎТАВАЗа і яго вяртанні да рытмічнай работы. Аб гэтым кіраўнік рэгіёна заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзмітрый Азараў адзначыў, што Самарская вобласць і Беларусь пашыраюць эканамічнае супрацоўніцтва. "Мы выйшлі на добры тэмп прыросту знешнегандлёвага абароту. Добрая дынаміка была за першы квартал бягучага года, але потым паўплывалі складанасці, якія ўзніклі на АЎТАВАЗе, - сказаў ён. - Аляксандр Рыгоравіч, гэта адна з тэм нашага візіту. Мы ўзялі спецыфікацыю з АЎТАВАЗа, буйнейшага вытворца аўтамабіляў у нашай краіне, загадзя перадалі калегам. Упэўнены, што знойдзем перспектывы для супрацоўніцтва, якія, з аднаго боку, дадуць магчымасць выйсці на рытмічную работу нашаму аўтагіганту, з другога боку, будуць выгадным супрацоўніцтвам для прадпрыемстваў Беларусі".

Адказваючы на пытанні журналістаў пасля сустрэчы з беларускім лідарам, губернатар удакладніў: "Мы прадоўжылі размову на гэту тэму (супрацоўніцтва з АЎТАВАЗам. - Заўвага БЕЛТА), і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў указанні вельмі ўважліва паставіцца да гэтага пытання, пашыраючы тут супрацоўніцтва, павышаючы ступень лакалізацыі вырабляемых аўтамабіляў як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў Расійскай Федэрацыі. Тут вялікае поле для дзейнасці".

Паводле яго слоў, падрыхтоўка да візіту ў Беларусь вялася не адзін тыдзень, і за гэты час сумесна з двухбаковай рабочай камісіяй па супрацоўніцтве былі сфарміраваны пытанні, якія загадзя былі накіраваны ў Мінск. "Мы ўдзячны нашым калегам, што гэтыя пытанні былі папярэдне адпрацаваны, і цяпер у ходзе двухдзённага візіту я разлічваю, што мы дасягнём сумесных дамоўленасцей", - сказаў Дзмітрый Азараў. Развіццё супрацоўніцтва чакаецца па шырокім спектры напрамкаў, сярод якіх высокія тэхналогіі (супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і вядучымі ўніверсітэтамі Самарскай вобласці, а таксама навукова-адукацыйным цэнтрам інжынерыі будучага, які базіруецца ў вобласці), гуманітарныя сферы, і, вядома, эканамічны блок.

"Упэўнены, што і тыя кааперацыйныя сувязі, якія некалі па розных прычынах былі парушаны, мы зможам аднавіць. Мы разумеем, наколькі гэта важна для нашых краін", - падкрэсліў губернатар.

Як паведамлялася, пасля адыходу Renault з Расіі АЎТАВАЗ сутыкнуўся са складанасцямі ў вытворчасці аўтамабіляў і быў вымушаны скараціць рэжым работы, некаторыя лініі знаходзяцца ў прастоі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі