
14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская эканоміка актыўна далучылася да працэсаў імпартазамяшчэння ў Расіі, заявіў на пасяджэнні Групы высокага ўзроўню Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску намеснік старшыні ўрада Расіі Аляксей Авярчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нашы краіны аб'ядноўвае шматвяковая сумесная гісторыя, пераплеценыя людскія лёсы, сямейныя сувязі, агульная культурная спадчына, а таксама імкненне да стварэння ўмоў для працвітання нашых народаў, чаму садзейнічае рэалізацыя ўсяго патэнцыялу, закладзенага ў Дагаворы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адным з ключавых напрамкаў развіцця адносін Беларусі і Расіі з'яўляецца пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксей Авярчук.
Паводле яго слоў, працуючы разам, краіны ўстараняюць бар'еры паміж эканомікамі і фарміруюць лепшыя ўмовы для развіцця кааперацыйных сувязей. "У мінулым годзе дасягнуты дамоўленасці аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у галіне імпартазамяшчэння. Падпісана адпаведнае пагадненне. Мы пашыраем пералік прадукцыі ва ўзаемным гандлі, ствараем лепшыя ўмовы для транспарціроўкі беларускіх тавараў па тэрыторыі Расіі, стараемся дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго", - адзначыў намеснік старшыні ўрада Расіі.
Тавараабарот Беларусі і Расіі па выніках 2022 года паказаў рост, падкрэсліў Аляксей Авярчук. Пры гэтым экспарт беларускіх тавараў перавысіў імпарт расійскіх. "Гэта значыць відаць, што беларуская эканоміка актыўна далучылася да працэсаў імпартазамяшчэння ў Расіі, - дадаў ён. - Нам удаецца сінхранізаваць нашы эканомікі. Гэта стварае добрую аснову для далейшага інтэграцыйнага развіцця, стварэння сумесных рынкаў і ў канчатковым выніку - фарміравання агульнай эканомікі, дзе будзе ажыццяўляцца свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы".-0-