Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 жніўня 2020, 15:55

Арганізацыі НАН падпісалі экспартныя кантракты на $0,5 млрд дзякуючы сумеснаму праекту з БелГПП

7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук падпісалі кантракты на пастаўку прадукцыі за мяжу на суму больш як $0,5 млрд на выстаўках, арганізаваных дзякуючы сумеснаму праекту з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай "Беларусь інтэлектуальная". Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня БелГПП Уладзімір Улаховіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Нацыянальная акадэмія навук у канцы 2017 года падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. У 2018-м БелГПП стала каардынатарам выставачна-кірмашовай дзейнасці Беларусі за мяжой. "У Акадэміі навук ёсць каласальны патэнцыял, рэсурс, напрацоўкі, у нас - свае магчымасці, сетка партнёраў па ўсім свеце. Таму нарадзіўся сумесны праект "Беларусь інтэлектуальная". За гэтыя два з палавінай гады мы сумесна з Акадэміяй навук правялі 24 выстаўкі. На іх было падпісана больш за 120 кантрактаў, пагадненняў і мемарандумаў. Прывяду яшчэ адну лічбу: толькі на гэтых выстаўках арганізацыі НАН падпісалі кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі на розныя рынкі на суму большую за $0,5 млрд", - сказаў Уладзімір Улаховіч.

БелГПП прадоўжыць сумесную работу з НАН для прасоўвання тавараў на экспарт. "У нас вялікі патэнцыял. Нам трэба навучыцца паказваць краіну, дасягненні вучоных ва ўсім свеце так, каб гэта мела ў тым ліку эканамічны эфект. Упершыню мы паспрабавалі арганізаваць выстаўку новага пакалення на II З'ездзе вучоных Беларусі ў 2017 годзе і прадаўжаем актыўна над гэтым працаваць. Сёння мы прэзентуем у тым ліку інтэрактыўную версію выстаўкі "Беларусь інтэлектуальная". На жаль, пандэмія абмяжоўвае работу ў традыцыйным фармаце, але мы арганізуем анлайн-выстаўкі", - адзначыў старшыня БелГПП.

Ён падкрэсліў, што беларускай навуковай супольнасці ёсць чым ганарыцца. "Ці шмат такіх невялікіх краін, як Беларусь, якія сёння працуюць у Антарктыдзе, у касмічнай галіне? Для нас прывычным стаў электратранспарт, актыўна працуем над беспілотнікамі БелАЗа. Беларусь захоўвае лідзіруючыя пазіцыі як пастаўшчык харчовай прадукцыі. Мы сапраўды трымаем вельмі высокую планку міжнароднай канкурэнцыі. За ўсім гэтым стаіць сур'ёзная і карпатлівая работа вучоных", - звярнуў увагу Уладзімір Улаховіч.

Сёння на выстаўцы "Беларусь інтэлектуальная" ў НАН прадстаўлены больш за 150 распрацовак і тэхналогій. Экспазіцыя складаецца з трох кластараў, звязаных з найбольш актуальнымі прыярытэтамі развіцця навуковай сферы. Гэта "IТ-краіна. Навуковае забеспячэнне пераводу ў лічбавы фармат эканомікі", "Пераадоленне COVID-19" і "Тэхналогіі будучыні". Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў адзначыў, што на выстаўцы прадстаўлены не толькі дасягненні Акадэміі навук, але і ВНУ і іншых арганізацый. "Мы апошнім часам актыўна працуем з БелГПП па ўсіх выстаўках, каб яны набывалі сучасны прывабны выгляд. Гэта ўплывае на аўтарытэт і імідж нашай навукі. Сёння на выстаўцы мы прадставілі найноўшыя, найбольш эфектыўныя распрацоўкі. Многія з іх з'яўляюцца ўнікальнымі. Вядома, гэта далёка не ўсе, у НАН кожны дзень з'яўляецца нешта новае", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў старшыні Прэзідыума НАН, у беларускіх вучоных ёсць распрацоўкі па самых розных напрамках - ад касмічных тэхналогій да сельскай гаспадаркі. "Гэта і найноўшыя прэпараты для сферы аховы здароўя, біятэхналогіі і распрацоўкі ў галіне машынабудавання, новыя матэрыялы для розных галін прамысловасці, а таксама ўнікальныя лазеры, якія прадаюцца па ўсім свеце - ад Японіі да ЗША. У нас ёсць біятэхналагічны, касмічны, аграпрамысловы, машынабудаўнічы кластары, інакш кажучы, ідзём шляхам аб'яднання намагананняў", - расказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі