Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 снежня 2018, 12:43

Апублікаваны праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год

19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў апублікавала на сваім сайце праект закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год", паведамляе БЕЛТА.

Згодна з дакументам прапануецца зацвердзіць рэспубліканскі бюджэт на 2019 год па расходах у суме Br21,98 млрд зыходзячы з прагназуемага аб'ёму даходаў у суме Br23,682 млрд. Прафіцыт бюджэту чакаецца ў памеры Br1,7 млрд.

Таксама прапануецца зацвердзіць у 2019 годзе нарматывы адлічэнняў ад падатку на дабаўленую вартасць, які атрымліваецца на тэрыторыі Беларусі, у даходы кансалідаванага бюджэту Брэсцкай вобласці - 4,53 працэнта, Віцебскай - 3,86 працэнта, Гомельскай - 4,63 працэнта, Гродзенскай - 3,41 працэнта, Мінскай - 4,67 працэнта, Магілёўскай - 3,46 працэнта, у даходы рэспубліканскага бюджэту - у памеры 75,44 працэнта.

У 2019 годзе плануецца перадаць з рэспубліканскага бюджэту ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі субвенцыі ў суме Br1,289 млрд, у тым ліку на фінансаванне расходаў на выплату дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, пенсій дзяржслужачым, пенсій за асаблівыя заслугі перад рэспублікай, пенсій ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы і членам іх сем'яў, сацыяльных пенсій, асобных відаў даплат у суме Br845,9 млн, а таксама на фінансаванне расходаў на выплату працоўных пенсій і дапамог, не названых вышэй, - Br410 млн.

Праектам закона прапануецца ўстанавіць, што ў 2019 годзе рэспубліканскі дарожны фонд фарміруецца ў суме Br560,5 млн. Сродкі, якія паступаюць ад спагнанння дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, накіроўваюцца на будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны і бягучы рамонт рэспубліканскіх аўтадарог, пагашэнне асноўнага доўгу і выплату працэнтаў па крэдытах, выдадзеных на будаўніцтва другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска, а таксама перадаюцца з рэспубліканскага дарожнага фонду ў кансалідаваныя бюджэты абласцей і Мінска ў выглядзе субвенцый.

Дакументам таксама прапануецца зацвердзіць на наступны год ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу Беларусі ў памеры Br10 млрд; ліміт унутранага доўгу, гарантаванага Беларуссю, у памеры Br3,1 млрд; ліміт знешняга дзярждоўгу Беларусі ў памеры $21 млрд; ліміт знешняга доўгу, гарантаванага Беларуссю, у памеры $3 млрд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі