Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2019, 14:30

Анфімаў лічыць магчымым запусціць у Беларусі за год вялікія вытворчасці пелет

23 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў лічыць магчымым запусціць у Беларусі шэраг вялікіх вытворчасцей па выпуску драўняных пелет ужо да мая 2020 года. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам па выніках разгляду ў Прэзідэнта Беларусі пытанняў павышэння эфектыўнасці выкарыстання лясных рэсурсаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Леанід Анфімаў падкрэсліў, што на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы былі абазначаны першачарговыя задачы, якія неабходна вырашыць у бліжэйшай перспектыве, перш за ўсё ў 2020 годзе.

Паводле слоў старшыні КДК, вялікі аб'ём астаткаў драўніны можна было б перапрацаваць у Беларусі на пелеты пры ўмове стварэння неабходных вытворчых магутнасцей. "Я прыводзіў у якасці прыкладу добры пелетны завод, які створаны ў Пастаўскім мэблевым цэнтры. Ён выпрацоўвае каля 30 тыс. т пелет у год. Як мне сказаў гаспадар гэтай кампаніі, яны выйдуць на 37 тыс. т. І цана на іх па выніках года добрая склалася - амаль 95 еўра за тону, - расказаў Леанід Анфімаў. - Нашы арганізацыі, перш за ўсё прадпрыемствы Мінлясгаса, павінны стварыць шэсць заводаў аналагічнай магутнасці. У кожнай вобласці павінен быць такі завод".

Гаворачы пра тэрміны стварэння такіх вытворчасцей, кіраўнік КДК адзначыў, што Мінлясгас узяў для сябе крыху расцягнутыя і вольныя тэрміны - 2021 год. Аднак Леанід Анфімаў лічыць магчымым паскорыцца, зыходзячы з практыкі стварэння такога завода ў Пастаўскім мэблевым цэнтры: "Восем месяцаў на выраб абсталявання, пяць месяцаў - будмантаж. Калі гаспадар гэтага прадпрыемства пойдзе нам насустрач - недзе дапаможа вопытам, падзеліцца праектна-каштарыснай дакументацыяй, то думаю, што да мая наступнага года мы вытворчасці ўвядзём у строй".

Кіраўнік Камітэта дзяржкантролю адзначыў, што і цяпер у сістэме Мінлясгаса ёсць 11 вытворчасцей пелет, аднак яны ў большай ступені саматужныя і ўсе разам выпускаюць усяго каля 20 тыс. т пелет у год. "У нас 98 лясгасаў. Практычна ў кожным з іх займаюцца лесапілаваннем (а на пелеты ідуць адходы вытворчасці). Калі б у кожным або хаця б у 70 працэнтах гэтых гаспадарак былі пастаўлены маленькія вытворчасці па выпуску пелет, мы знялі б гэту праблему з лішкамі тэхналагічнай і дрывяной драўніны. І не давялося б ісці да Прэзідэнта і чарговы раз прасіць дазволіць экспартаваць лес-кругляк", - сказаў Леанід Анфімаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі