Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 красавіка 2020, 09:04

"Амкадор-ДДМЗ" плануе расшырыць лінейку лесавозных паўпрычэпаў

15 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лесавозныя паўпрычэпы грузападымальнасцю ад 6 да 16 т будуць створаны на прадпрыемстве "Амкадор-ДДМЗ" сумесна з упраўленнем генеральнага канструктара ААТ "Амкадор" - кіруючая кампанія холдынга", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе холдынга.

"Цяпер гэта прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вырабе грузападымальнага абсталявання для ўсіх галін прамысловасці, лясной гаспадаркі, серыйна выпускае спецыяльныя лесавозныя паўпрычэпы АМКАДОР-2310 грузападымальнасцю 10 т, - адзначылі ў прэс-службе. - Яны прызначаны для збору, пагрузкі і транспарціроўкі сартыментаў па лесасеках і лесавозных дарогах".

Доследны ўзор паўпрычэпа праходзіў выпрабаванні не толькі на спецыялізаваных палігонах холдынга, але і ў рэальных умовах - у Аршанскім і Смаргонскім доследным лясгасах. Пры выпрабаваннях канструктары ўлічвалі водгукі спажыўцоў і дапрацоўвалі мадэль. Канечную версію ўзору АМКАДОР-2310 набыў Аршанскі лясгас.

Паводле водгукаў лесанарыхтоўшчыкаў, паўпрычэп зарэкамендаваў сябе як надзейны і просты ў абслугоўванні. Сярод яго вартасцей адзначаны добрая манеўранасць, праходнасць і ўстойлівасць.

"Мы задаволены станоўчымі водгукамі аршанскіх лесанарыхтоўшчыкаў. Гэта значыць, што нам удалося стварыць ўдалы ўзор, у якім у прадпрыемстваў лесапрамысловага комплексу ёсць пастаянная патрэбнасць, - сказаў дырэктар УП "Амкадор-ДДМЗ" Уладзімір Туравец. - Яшчэ адна канкурэнтная перавага нашага паўпрычэпа: нягледзячы на ўстаноўку даволі дарагіх маніпулятараў вядучых сусветных вытворцаў, цана канечнага прадукту ўсё роўна ніжэйшая, чым у імпартных аналагаў. А паколькі паўпрычэп айчынны, пры яго куплі можа быць прадастаўлена ​​растэрміноўка плацяжу на ўзгодненых умовах і прыменены механізм фінансавай растэрміноўкі (лізінгу) ААТ "Прамагралізінг" згодна з указам нумар 146 "Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання".

У 2019 годзе на АМКАДОР-2310 атрыманы сертыфікат адпаведнасці тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы сельскагаспадарчых і лесагаспадарчых трактароў і прычэпаў да іх". "Гэта дасць магчымасць пастаўляць паўпрычэп на расійскі рынак, а таксама рынкі іншых краін - членаў Мытнага саюза", - дадалі ў прэс-службе.

На сённяшні дзень створана больш за 20 мадэлей і мадыфікацый харвестараў, форвардараў, лясных пагрузчыкаў і тралёвачных машын. Лінейка лясной тэхнікі ўдасканальваецца і расшыраецца кожны год.

Холдынг "Амкадор" заснаваны ў 1927 годзе. Гэта адна з вядучых вытворчасцей спецыяльнай тэхнікі ў Беларусі і краінах СНД. Прадпрыемствы акцыянернага таварыства штогод выпускаюць больш за 5 тыс. адзінак спецыяльных машын высокага тэхнічнага ўзроўню.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі