Сцяг Пятніца, 29 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 лістапада 2024, 17:17

Амаль 70 працэнтаў патрэбнасцей дзяржзакупак задавольвае малы і сярэдні бізнес, расказалі ў МАРГ

Фота з архіва
Фота з архіва
29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках першага паўгоддзя 2024 года дасягнуты самы высокі паказчык за апошнія тры гады ўдзелу суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу ў дзяржзакупках (больш як 68 працэнтаў), дзякуючы чаму практычна 70 працэнтаў патрэбнасцей краіны ў дзяржзакупках задавольвае МСП. Сітуацыю з лідзіруючымі пазіцыямі прыватнікаў у працэдурах дзяржаўных закупак журналістам пракаменціравала намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская.

Заканадаўствам аб дзяржаўных закупках устаноўлены мэты і прынцыпы іх ажыццяўлення, да якіх адносіцца ў тым ліку падтрымка айчынных вытворцаў у мерах, прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі. МАРГ, як было падкрэслена, працуе над выкананнем пастаўленых задач. Падтрымка беларускім прадпрыемствам аказваецца як ускоснымі, так і прамымі метадамі.

"Сярод прамых метадаў назаву агульнапрызнаны - магчымасць атрымання прэферэнцыйнай папраўкі для вытворцаў тавараў па пэўным пераліку. Напрыклад, папраўку ў памеры 25 працэнтаў атрымліваюць тавары, вырабленыя суб'ектамі з адпаведнай доляй інвалідаў у штаце. Магу сказаць, што меры даволі дзейсныя: на сёння правам на прэфпапраўку толькі за 2023 год скарысталіся 15 тыс. разоў", - звярнула ўвагу Наталля Васілеўская.

Сярэдні і малы бізнес - вельмі актыўны сегмент беларускай эканомікі. Намеснік міністра падкрэсліла, што палітыка нашай дзяржавы накіравана на падтрымку суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу, і відаць актывізацыя ўдзелу МСП у дзяржаўных закупках, якія праводзяцца на канкурэнтнай аснове. Так, у першым паўгоддзі бягучага года больш як 68 працэнтаў удзельнікаў працэдур дзяржзакупак з'яўляліся прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу, адпаведна, практычна 70 працэнтаў патрэбнасцей дзяржаўных закупак былі задаволены суб'ектамі МСП.

"Мы ўбачылі тэндэнцыю. З улікам змяненняў, унесеных у заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці, прадугледжана норма, якая ў адрозненне ад папярэдняй не ўстанаўлівае ў дзяржзакупках канкрэтныя лоты для суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Больш таго, доля гэтых лотаў была абмежавана верхняй мяжой у памеры 10 працэнтаў, - растлумачыла Наталля Васілеўская. - На сёння суб'екты гаспадарання могуць удзельнічаць ва ўсіх закупках. Да таго ж у заказчыкаў з'явіўся абавязак у пэўным пераліку тавараў выдзяляць для суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу долю не меншую за 10 працэнтаў і да неабмежаванай максімальнай мяжы".

Намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю зрабіла акцэнт на запатрабаванасці работы ведамства па падтрымцы суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу.

"Дзяржаўныя закупкі - эфектыўны сродак падтрымкі нацыянальных вытворцаў, суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, які стымулюе рост вытворчасці і, адпаведна, развіццё канкурэнцыі", - рэзюмавала Наталля Васілеўская.-0-
 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі