5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Валавы збор збожжа ў бягучым годзе чакаецца на ўзроўні 7,6 млн т. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяна Карбановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паводле аператыўнай інфармацыі, чаканы валавы збор збожжа складзе прыкладна 7,6 млн т", - сказала прадстаўнік ведамства.
Яна адзначыла, што ў вясенне-летні перыяд у бягучым годзе склаліся неспрыяльныя ўмовы для росту і развіцця сельскагаспадарчых культур. "Дэфіцыт ападкаў у спалучэнні з павышаным тэмпературным рэжымам выклікаў інтэнсіўную страту глебавай вільгаці, асабліва на поўдні краіны. А ў трэцяй дэкадзе чэрвеня прайшлі ліўні са шквалістым ветрам, што прывяло да частковага палягання і пашкоджання пасеваў у шэрагу рэгіёнаў краіны", - растлумачыла спецыяліст.
Паводле даных Мінсельгасхарча, пасевы пацярпелі на 213 тыс. га. Пры гэтым плошча іх гібелі склала каля 70 тыс. га. У асноўным гэта азімыя збожжавыя (17,7 тыс. га) і яравыя збожжавыя (22,4 тыс. га).
Як падкрэсліла Таццяна Карбановч, аграрыямі прымаюцца ўсе меры для таго, каб сітуацыя не пагоршылася і страты не паўплывалі на ўраджай. Так, на сёння перасеяна каля 20 тыс. га. Акрамя таго, пашкоджаныя пасевы ўбіраліся на сянаж. У выніку нарыхтавана больш за 200 тыс.т зернесенажу. Паводле слоў прадстаўніка ведамства, гэта работа прадаўжаецца.
Таксама ў некаторых раёнах назіраецца пашкоджанне і гібель пасеваў плодаагароднінных культур, у прыватнасці, бульбы. "Але гэта зусім нязначныя плошчы, якія не ўплываюць на агульны аб'ём плануемага ўраджаю гэтых культур", - рэзюмавала Таццяна Карбановіч.-0-