11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На прэзентацыях забараняецца продаж сродкаў аховы раслін, тэхнічна складаных тавараў бытавога прызначэння, экзэмпляраў аўдыявізуальных твораў, камп'ютарных праграм і фанаграм, адзення з натуральнага футра і скуры. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
У МАРГ падкрэслілі, што рэалізацыя тавараў на прэзентацыях належыць да разноснага гандлю без выкарыстання спецыяльных прыстасаванняў і рэгулюецца правіламі, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў ад 22 ліпеня 2014 года нумар 703. "Аднясенне рэалізацыі тавараў на прэзентацыях да гандлю па ўзорах з'яўляецца неправамерным", - адзначылі ў ведамстве.
Гандаль па ўзорах праводзіцца на падставе азнаямлення пакупніка з апісаннямі тавараў у каталогах, праспектах, рэкламе, буклетах або прадстаўленымі ў фатаграфіях або іншых інфармацыйных крыніцах, што рассылаюцца прадаўцом нявызначанаму колу асоб з выкарыстаннем паслуг аператараў паштовай сувязі, распаўсюджваюцца ў СМІ або любымі іншымі спосабамі, у тым ліку ў інтэрнэце. У адрозненне ад яе, рэалізацыя тавараў на прэзентацыях заснавана на асабістых продажах, пры якіх прадавец пры сустрэчы дэманструе тавар патэнцыяльным пакупнікам.
Пры рэалізацыі тавараў на прэзентацыях суб'екты гандлю абавязаны захоўваць патрабаванні законаў аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання, аб абароне правоў спажыўцоў і правілы продажу асобных відаў тавараў. У прыватнасці, яны павінны прадастаўляць спажыўцам інфармацыю аб сабе (арганізацыя - фірменнае найменне і месца знаходжання, ІП - прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства, даныя аб дзяржрэгістрацыі). Таксама пакупніку абавязаны паведаміць найменне тавару, звесткі аб яго асноўных спажывецкіх уласцівасцях, цану, гарантыйны тэрмін, найменне і месца знаходжання вытворцы і арганізацыі-імпарцёра, краіну паходжання, даныя аб абавязковым пацвярджэнні адпаведнасці, колькасць або камплектнасць, правілы і ўмовы эфектыўнага і бяспечнага карыстання.
Калі гэта інфармацыя не будзе прадстаўлена ў поўным аб'ёме, спажывец мае права скасаваць дагавор рознічнай куплі-продажу і запатрабаваць вяртання грашовых сродкаў, выплачаных за тавар.-0-