Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Да 75-годдзя заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі

Дасье 04.07.2013 | 16:16
Адным з буйнейшых сховішчаў дакументаў па гісторыі Беларусі за перыяд з канца XIV да пачатку XX стагоддзя, навукова-даследчай і інфармацыйнай установай, якая праз розныя напрамкі сваёй дзейнасці робіць гэтыя дакументы даступнымі для грамадскасці, з'яўляецца Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Датай заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі з'яўляецца 5 ліпеня 1938 года. У гэты дзень пастановай Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Магілёўскі гістарычны архіў быў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР, дзе былі сканцэнтраваны ўсе архіўныя матэрыялы, маючыя рэспубліканскае значэнне. Да гэтага дакументы пабывалі ў архівах судовых устаноў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі - у палатах грамадзянскіх судоў, архівах магістратаў, ратуш, павятовых судоў, прыватных асоб, пазней у Віленскім архіве старадаўніх актаў і Віцебскім архіве старадаўніх актавых кніг. Пасля 1917 года дакументы захоўваліся ў Цэнтральным архіве Беларусі, Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім гістарычных, а пазней у абласных архівах. Да пачатку 1941 года было сканцэнтравана 1560 фондаў у аб'ёме больш за 382 тыс. спраў. Вялікая Айчынная вайна нанесла значны ўрон дакументам і навукова-даведачнаму апарату архіва, большая частка якога знікла, частка дакументаў была вывезена ў Рыгу і Германію, а маёмасць архіва была знішчана і разрабавана. Пасля вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 28 чэрвеня 1944 года ў архіве засталося толькі 44 справы. Супрацоўнікі архіва пачалі рээвакуацыю і ўлік дакументаў свайго профілю і ўпарадкаванне вернутых фондаў. Рээвакуіраваць удалося 38054 справы з 700 фондаў, ніводны з якіх не меў поўнага складу. У 1947 годзе архіву былі перададзены захаваныя дарэвалюцыйныя фонды з дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей. Значнай вяхой у гісторыі архіва стаў 1963 год, калі ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 лістапада "Аб мерах па паляпшэнню архіўнай справы ў БССР", архіў быў пераведзены з Магілёва ў сталіцу рэспублікі і стаў называцца Цэнтральны гістарычны архіў БССР у Мінску. Перавод архіва даў магчымасць аб'яднаць дакументы рэспубліканскага значэння за перыяд амаль 600-гадовай гісторыі. Архіў атрымаў дакументы дарэвалюцыйных фондаў з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, комплекс старадаўніх актаў з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Гродне. Архіў быў размешчаны па вул.Казлова, 26. З 1992 па чэрвень 1995 года архіў уваходзіў у склад Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а ў 1995 годзе зноў быў выдзелены ў самастойную арганізацыю. З 2000 года архіў стаў называцца "Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі". Змяніў архіў і юрыдычны адрас, пераехаўшы на вул.Крапоткіна, 55. Архіў ажыццяўляе дзяржаўнае захоўванне дакументаў агульнанацыянальнага значэння і адносіцца да навукова-даследчых устаноў. Ён захоўвае дакументы па гісторыі Беларусі перыяду яе ўваходжання ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Найбольш старадаўнія з захаваных дакументаў - пергаментныя прывілеі ХIV-ХVII стагоддзяў літоўскіх князёў, польскіх каралёў на землі, маёнткі, гарадам на магдэбургскае права і іншыя. Асаблівую каштоўнасць маюць актавыя кнігі судовых устаноў ХV-ХVIII стагоддзяў, якія з'яўляюцца рэдкімі першакрыніцамі па гісторыі Беларусі таго перыяду. Усяго ў архіве каля 6 тыс. актавых кніг на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. Сярод іх такія дакументы, як каралеўскія прывілеі, граматы, фундушовыя запісы, тэстаменты (завяшчанні), інтрамісіі, дэкрэты, інвентары і іншыя. У іх змешчаны ўзоры пісьма, дзясяткі тысяч імён і прозвішч, назвы паселішч, рэк, азёр, апісанне жылых і гаспадарчых пабудоў, адзення, маёмасці. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць дакументы аб вядомых палітычных дзеячах, пісьменніках, мастаках, кампазітарах, аб сямейных і сваяцкіх сувязях (па генеалогіі сем'яў, па гісторыі і геральдыцы дваранскіх родаў) як жыхароў Беларусі, так і замежных грамадзян, якія вядуць радаводы з былых Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Генеалагічную інфармацыю можна адшукаць у многіх беларускіх архівах, аднак асноўнымі захавальнікамі дакументаў, якія даюць магчымасць складаць радавод і ўстанаўліваць генеалагічныя дрэвы, з'яўляецца Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне. На падставе дакументаў архіва існуе адзіная магчымасць папоўніць гісторыю архітэктурных помнікаў Беларусі, Латвіі і Польшчы, ліквідаваць прабел паміж страчанымі і захаванымі помнікамі грамадзянскага і культавага дойлідства. Дакументы архіва выкарыстоўваюцца пры правядзенні шматпланавай работы ў галіне афіцыйнай дзяржаўнай і гарадской сімволікі. Пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю аб тым ці іншым гербе, удакладніць адлюстраванне пячаці, на аснове якой гарадскі сімвал часам набывае новае жыццё, дапамагаюць дакументы гарадскіх магістратаў, судоў і рамесных цэхаў. Названыя дакументы ўнікальны для дзяржавы як захаваныя да гэтага часу пісьмовыя сведчанні і доказы, якія юрыдычна пацвярджаюць факты палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай гісторыі Беларусі. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі па маштабах сваёй дзейнасці з'яўляецца адным з вядучых архіваў рэспублікі. Характэрныя прыкметы яго работы - гэта забеспячэнне доступу да архіўных дакументаў і бяспекі ў працэсе іх выкарыстання, захаванасць дакументаў на аснове прымянення сучасных метадалогій і тэхнічных сродкаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы захоўвання дакументаў і развіццё кадравага патэнцыялу. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выпрацавана канцэпцыя забеспячэння захаванасці дакументаў як сістэмы задач, якія дадуць магчымасць прагназаваць праблемы і вырашаць іх з адначасовым забеспячэннем доступу да архіўнай спадчыны. Важным дасягненнем з'яўляецца стварэнне страхавога фонду дакументальных матэрыялаў і фонду карыстання ў выглядзе мікрафотакопій і электронных копій, якія могуць выкарыстоўвацца супрацоўнікамі і карыстальнікамі ў чытальнай зале архіва. У сувязі са значным павелічэннем колькасці паступаючых у архіў запытаў генеалагічнага характару аддзелам інфармацыйна-пошукавых сістэм удасканалены вопісы фондаў рэлігійных устаноў, якія выкарыстоўваюцца ў ходзе генеалагічнага пошуку, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Архіў ажыццяўляе дзяржаўны ўлік дакументаў, вызначэнне іх гістарычнай каштоўнасці, прыём і апісанне профільных дакументаў (метрычных кніг цэркваў, касцёлаў, сінагог) за XIX - пачатак XX стагоддзя, якія паступаюць з органаў ЗАГС Брэсцкай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Работнікі архіва праводзяць радыё- і тэлеперадачы, экскурсіі, выстаўкі дакументаў, публікуюць артыкулы, выконваюць запыты генеалагічнага, тэматычнага і біяграфічнага характару. У чытальнай зале архіва працуюць вучоныя, выкладчыкі і студэнты вышэйшых навучальных устаноў, работнікі музеяў, краязнаўцы, а таксама грамадзяне Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Германіі, Ізраіля. Узрасла цікавасць карыстальнікаў да гістарычных дакументаў. Тэматыка іх даследаванняў - помнікі гісторыі і культуры Беларусі XVI-XX стагоддзяў, інтэлігенцыя ў дарэвалюцыйным Мінску, беларускія святыні, Полацкая епархія ў XVI-XIX стагоддзях, судовыя ўстановы Беларусі ў XVI-XVII стагоддзях і іншыя. Сотні прац, манаграфій, артыкулаў, дыпломных работ напісана па матэрыялах архіва. Пераацэнка поглядаў на падзеі і факты гісторыі ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў, дзяржаўная незалежнасць Рэспублікі Беларусь змянілі і накіраванасць тэматыкі выкарыстання дакументаў, але напрамкі і формы выкарыстання засталіся традыцыйнымі. Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі з'яўляюцца састаўной часткай Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь і па праву аднесены да матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гісторыя архіва - гэта памяць пра беларускіх архівістаў, супрацоўнікаў Віцебскага і Віленскага архіваў старадаўніх актаў А.М.Сазонава, М.Л.Вяроўкіна, А.П.Сапунова, Д.І.Даўгялу і іншых, працамі якіх і сёння карыстаюцца гісторыкі і архівісты. Памятае архіў і Д.Ф.Жылуновіча (Цішку Гартнага), У.І.Пічэту, М.В.Мялешку і іншых, якія здолелі сабраць і захаваць комплексы архіўных фондаў у цяжкіх умовах 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. За значны ўклад у развіццё архіўнай справы, захаванне дакументаў па гісторыі Беларусі ХIV - пачатку ХХ стагоддзя, арганізацыю іх ўсебаковага выкарыстання ў інтарэсах навукі, навукова-даследчую работу па актуальных пытаннях гісторыі Беларусі, архівазнаўства, археаграфіі, спецыяльных гістарычных дысцыплін у 2008 годзе архіў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Хто часцей за ўсё наведвае Беларусь па бязвізавым рэжыме Паводле даных на 29 лістапада, магчымасцямі 30-дзённага бязвізавага знаходжання ў Беларусі скарысталіся амаль 179 тыс. грамадзян розных краін.