Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Да 75-годдзя з дня нараджэння Віктара Турава (дасье БЕЛТА)

Дасье 24.10.2011 | 17:05
Віктар Цімафеевіч Тураў нарадзіўся ў Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго сям’я паехала з горада ў вёску, затым бацька пайшоў у партызаны. Зімой 1942 года бацька прыйшоў пабачыцца з роднымі і быў схоплены фашыстамі, а затым расстраляны ў магілёўскай турме. Праз некаторы час арыштавалі маці, Віктара і яго сястру адправілі ў Германію ў сямейны канцлагер пад Аахенам. У 1945 годзе прыйшло вызваленне, і Віктар Тураў вярнуўся дадому. Праз год пасля заканчэння школы Тураў паехаў у Маскву і паступіў на рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (УДІК). У інстытуце ён трапіў на курс да Аляксандра Даўжэнкі і Міхаіла Чыаўрэлі. Уплыў Даўжэнкі на яго вучняў быў велізарны. Ён імкнуўся навучыць кожнага "гаварыць сваім голасам". У выніку значнай групе яго вучняў удалося пакінуць прыкметны след у развіцці кінамастацтва, у тым ліку і Віктару Тураву, які на працягу ўсяго свайго жыцця лічыў Даўжэнку сваім настаўнікам і хросным бацькам. Віктар Тураў пачынаў свой шлях у мастацтва на кінастудыі "Беларусьфільм", куды прыйшоў у 1959 годзе. Сваю першую карціну - "Наш Салігорск" - ён стварыў у жанры дакументальнага кіно, затым пайшло ваеннае кіно. Першай работай на гэту тэму стаў фільм "Зорка на спражцы", які выйшаў у 1962 годзе. Міжнароднае прызнанне Віктар Тураў атрымаў у 1965 годзе пасля стварэння свайго першага поўнаметражнага фільма "Праз могілкі" паводле аповесці Паўла Ніліна. Гэты фільм Турава быў сустрэты як новая з’ява ў кінематографе. Ён вызначаўся цалкам новым для свайго часу поглядам на тэму партызанскага руху і акупацыі. Стварыўшы яскравы візуальны вобраз вайны з яе рэаліямі і атмасферай, рэжысёр засяродзіў увагу гледачоў не на чарадзе пераможных партызанскіх рэйдаў, а на перажываннях тых, хто вымушана апынуўся ў акупацыі, на тым, што адбывалася ў душах людзей, якія зведалі шок расчараванняў, але ўсё ж знайшлі ў сабе сілы для барацьбы з захопнікамі. Увесь фільм пабудаваны на неадназначнасці пачуццяў і станаў персанажаў, пастаноўшчык не спяшаецца выказаць свае адносіны, даючы магчымасць гледачам самім разабрацца ў сітуацыі. Гэта навізна трактоўкі і абумовіла асаблівы інтарэс да фільма - дачыненне аўдыторыі да таго, што адбываецца на экране, і даволі жорсткую крытыку афіцыйных інстанцый. Фільм "Праз могілкі" атрымаў Дыплом ІІ ступені і прыз за лепшы рэжысёрскі дэбют на кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдовы. У 1994 годзе рашэннем спецыяльнай камісіі ЮНЕСКА ён увайшоў у лік ста лепшых сусветных фільмаў аб вайне. Наступным значным фільмам Турава стала карціна "Я родам з дзяцінства", які выйшаў на экраны ў 1966 годзе. Гэта дзіўна тонкая, лірычная кінааповесць аб дзяцінстве тых, хто ў час Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню перанёс цяжар страты блізкіх, жаданне помсціць ворагу і імкненне да шчасця. Героі фільма - хлопчыкі Ігар і Жэнька - жывуць у прыфрантавым горадзе і чакаюць бацькоў, братоў і сясцёр. У гэтай стужцы ўпершыню з экрана прагучалі песні ("На брацкіх могілках", "Халады-халады", "Зоркі") Уладзіміра Высоцкага, які сыграў у карціне адну з роляў. У 1967 годзе фільм атрымаў дыпломы за лепшую рэжысуру (Віктар Тураў), за жаночую ролю (Ніна Ургант) на кінафестывалі рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі і Малдовы. Паводле апытання беларускіх крытыкаў, "Я родам з дзяцінства" прызнаны лепшым фільмам, створаным за ўсю гісторыю беларускага кіно. У далейшым Віктар Тураў плённа супрацоўнічаў з Алесем Адамовічам над дылогіяй "Партызаны", у якую ўвайшлі фільмы "Вайна пад стрэхамі" (1967) і "Сыны ідуць у бой" (1969). Гэтыя дзве карціны завяршылі ваенную тэматыку ў творчасці Турава. Да яе рэжысёр вернецца яшчэ толькі адзін раз - у фільме "Пераправа", знятым у 1987 годзе. Фільм расказвае пра сумесную савецка-польскую барацьбу з фашыстамі ў 1944 годзе, аб узаемадзеянні савецкіх партызанаў з атрадамі Арміі Людовай. Карціна была знята сумесна са студыяй "Беларусьфільм" і кінааб’яднаннем у Варшаве. У 1988 годзе фільм атрымаў прэмію міністэрства абароны Польскай Народнай Рэспублікі. У 1970-80-я гады Віктар Тураў стварыў шэраг карцін, прысвечаных праблемам сучаснасці, экранізаваў творы беларускай і рускай класікі. На пачатку 1980-х рэжысёр стварыў кінацыкл паводле трылогіі Івана Мележа "Палеская хроніка" - два фільмы па дзве серыі "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы". Першы фільм кінахронікі "Людзі на балоце" - вяршыня ўзыходжання Турава да сталасці мастака і грамадзяніна, найбольш поўная рэалізацыя яго творчага патэнцыялу. Кінастужка была адзначана мноствам узнагарод. На Усесаюзным кінафестывалі ў Таліне ў 1982 годзе фільм атрымаў галоўны прыз і дыплом, прыз за жаночую ролю, прыз Саюза кінематаграфістаў Эстонскай ССР. У тым жа годзе карціна атрымала прыз за лепшы акцёрскі ансамбль Міжнароднага кінафестывалю ў Карлавых Варах. У 1983 годзе - прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Маніле. У 1984 годзе сцэнарыст і рэжысёр Віктар Тураў, аператар Дзмітрый Зайцаў, мастак Яўген Ігнацьеў, кампазітар Алег Янчанка, акцёры Алена Барзова, Генадзь Гарбук і Юрый Гарабец былі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР. За 37 гадоў творчага жыцця рэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў каля 20 фільмаў. Сярод іх стужкі "Нядзельная ноч" (спецыяльны дыплом журы Усесаюзнага кінафестывалю за рэжысуру, 1977), "Час яе сыноў", "Пункт адліку", "Малодшы сярод братоў", "Высокая кроў" (прэмія Беларускай праваслаўнай царквы, 1989), "Чорны бусел" (прыз за рэжысуру Міжнароднага кінафестывалю славянскіх і праваслаўных народаў "Залаты Віцязь", 1993), казка "Гора баяцца - шчасця не бачыць", "Жыццё і смерць двараніна Чартапханава". Апошняй работай рэжысёра стаў фільм "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", зняты ў 1994 годзе. Сцэнарый фільма напісаны паводле матываў кнігі пісьменніка Яна Баршчэўскага, якая выйшла ў 1846 годзе і была заснавана на легендах і паданнях, былях і небыліцах. Гэта казачны эпас беларускага народа аб харастве душы людзей, якія жывуць на старажытнай зямлі. У адлюстраваным спрадвечную барацьбу дабрыні і зла літаратурным матэрыяле рэжысёр убачыў магчымасць выразіць сваё грамадзянскае крэда, трывогу за стан сучаснага свету, веру ў перамогу дабра. Шмат часу Віктар Тураў аддаваў выкладчыцкай і грамадскай рабоце. Ён быў прафесарам Беларускай акадэміі мастацтваў, акадэмікам Сусветнай акадэміі славянскага мастацтва. У 1976-1981 гадах ён працаваў першым сакратаром Саюза кінематаграфістаў Беларусі. У 1995 годзе Віктар Тураў увайшоў у лік 50 вядомых кінематаграфістаў свету, якія склалі ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя сусветнага кінематографа. Выбранне беларускага кінарэжысёра стала высокай ацэнкай яго творчасці і прафесіяналізму. 31 кастрычніка 1996 года Віктара Турава не стала. Ён пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Творчасць таленавітага беларускага рэжысёра высока адзначана дзяржавай. У 1979 годзе - "Народны артыст СССР". У 1986 годзе - "Народны артыст СССР". У 1996 годзе за вялікі ўклад у развіццё беларускага кінематографа рэжысёр быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У тым жа годзе яму пасмяротна была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь за шматгадовы ўклад у кінематаграфію. Выдатнага кінарэжысёра любяць і помняць у яго на радзіме. Яго імем названа вуліца ў Магілёве. У абласным цэнтры на фасадзе будынка кінатэатра "Радзіма" 29 кастрычніка 2003 года адкрыта памятная дошка Віктара Турава. Штогод у канцы восені "Магілёўаблкінавідэапракат" і Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза кінематаграфістаў Рэспублікі Беларусь праводзяць "Тураўскую восень" - цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных вядомаму беларускаму кінарэжысёру, праходзяць на розных пляцоўках горада. У Беларусі заснаваны творчыя ўзнагароды імя рэжысёра. На Міжнародным кінафестывалі "Лістапад" уручаецца прыз "За лепшы фільм конкурсу маладога кіно" імя народнага артыста СССР В.Ц.Турава, на Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў, які традыцыйна праходзіць у Брэсце адзін раз у два гады, - прыз імя Віктара Турава за лепшы дэбют у кінарэжысуры.
Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Хто часцей за ўсё наведвае Беларусь па бязвізавым рэжыме Паводле даных на 29 лістапада, магчымасцямі 30-дзённага бязвізавага знаходжання ў Беларусі скарысталіся амаль 179 тыс. грамадзян розных краін.