Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

 Да 190-годдзя Уладзіслава Сыракомлі

Дасье 26.09.2013 | 14:16
Уладзіслаў Сыракомля - шырока вядомы ў славянскім свеце паэт, пісаў на беларускай і польскай мовах лірычныя вершы і паэмы, краязнаўчыя нарысы і дарожныя нататкі, гісторыка-літаратурныя даследаванні і рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, мясцовыя агляды для газет і публіцыстычныя артыкулы, апавяданні, перакладаў з французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, рускай і ўкраінскай моў. Немагчыма не здзівіцца таму, колькі паспеў зрабіць гэты чалавек за сваё кароткае жыццё - ён пражыў 39 гадоў. Нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля (сапр. Людвік Кандратовіч) 29 верасня 1823 года ў вёсцы Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці. Бацька яго быў па прафесіі каморнікам, але на казённай службе не затрымаўся і, каб пракарміць сям'ю, вымушаны быў арандаваць памешчыцкую зямлю. З гэтым былі звязаны частыя пераезды. На працягу нейкіх пятнаццаці гадоў сям'я чатыры разы змяніла арандуемыя фальваркі. Яськавічы, Кудзінавічы, Мархачоўшчына, Залучча - куткі палескай і прынёманскай зямлі, дзе прайшлі дзяцінства і юнацтва будучага паэта. У 1833 годзе бацькі аддалі яго ў Нясвіжскую дамініканскую школу. Парадкі там былі сярэдневяковыя. За самую малую правіннасць настаўнікі-манахі білі вучняў розгамі. Пазней у аўтабіяграфічным вершаваным апавяданні "Школьныя часы" Сыракомля вылучыў толькі настаўніка рускай мовы - ён не прыніжаў вучняў, знаёміў іх з творамі "радзімы Пушкіна і Жукоўскага". Павучыўшыся тры гады ў Нясвіжы, Людвік быў вымушаны завяршыць навучанне ў Навагрудскай дамініканскай школе, сцены якой помнілі Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Скончыўшы пяты клас, ён вярнуўся да бацькоў, якія арандавалі на той час чарговы фальварак Мархачоўшчына. Але яго прыцягвала не гаспадарка, а літаратура, і бацька, разумеючы імкненне сына да адукацыі, дапамог яму перабрацца ў Нясвіж і ўладкавацца на службу ў канцылярыю кіраўніка радзівілаўскімі маёнткамі. Людвік пасяліўся ў адным з самых маленькіх пакояў старажытнага замка. Прагна слухаў існуючыя ў ім легенды аб славе, багацці, жорсткасці і авантурах уладарных князёў Радзівілаў. Тады ж ён пачаў вывучаць архівы Нясвіжскага і Капыльскага замкаў. У 1844 годзе, пераехаўшы пасля вяселля з Паўлінай Мітрашэўскай у фальварак Залучча, што знаходзіцца недалёка ад Стоўбцаў, на беразе Нёмана, Кандратовіч напісаў шэсць санетаў, прысвечаных Нясвіжу. Паступова яму больш зразумелым і блізкім станавіўся лёс "братоў у капоце і братоў у сярмязе", якія жылі ў ваколіцах Залучча, Жукавага Барка, Міра. Тут ён напісаў вясной 1844 года верш "Паштальён", які быў апублікаваны ў віленскім часопісе. У аснову яго пакладзена сумная гісторыя, пачутая маладым паэтам у Міры, у прыдарожнай карчме. Расказваў яе са слязамі на вачах былы ямшчык, якога жорсткія паны пагналі ў зімовую сцюжу, каб адвезці тэрміновую пошту. Скалеўшы ад холаду, ён праехаў міма сваёй каханай дзяўчыны, якая памірала ў гурбе снегу недалёка ад дарогі. Пачутая гісторыя так усхвалявала паэта, што на яе аснове ён напісаў верш. Гэтаму твору было наканавана доўгае і слаўнае жыццё. Верш праз чвэрць стагоддзя пераклаў на рускую мову паэт-дэмакрат Леанід Трэфалеў, музыку да яго напісаў невядомы кампазітар. Так ён і стаў папулярнай песняй "Ямшчык". Верш "Паштальён" стаў першай кропляй у моры багатай і шматграннай творчай спадчыны Людвіка Кандратовіча, больш вядомага пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля. Творчасць паэта цесна звязана з гісторыяй Беларусі, звычаямі і вуснай паэзіяй беларусаў. Ён апяваў высокую духоўнасць, сумленнасць і дабрыню простага чалавека, адлюстроўваў бязрадаснае цяжкае жыццё сялян, барацьбу супраць прыгонніцтва, выкрываў прыгнятальнікаў народа, шырока выкарыстоўваў сюжэты і вобразы беларускага фальклору, апрацоўваў і перакладаў беларускія народныя песні. Вывучаў гісторыю, этнаграфію, фальклор і мову беларускага народа. Галеча, беднасць, мох на дзіравым даху, нядоля, слёзы, лахмоцце, сярмяга - вось тыя словы-вобразы, якія выкарыстоўваў Уладзіслаў Сыракомля пры характарыстыцы народнага жыцця. У вершы "Ратай да жаўранка" паэт раскрывае трагізм прыгоннага селяніна, безабароннага перад сваім жахлівым спадарожнікам - вясеннім голадам. Бязрадасныя карціны нядолі беларускага селяніна паказаны і ў іншых творах "сельскага лірніка": "З уражанняў палескага падарожжа", "Гуляй, душа!". Пільную ўвагу Сыракомля ўдзяляў тым, хто знаходзіўся ў самым нізе сацыяльнай лесвіцы. Ён глыбока спачуваў пакутам беларускага народа, выступаў супраць існуючага над ім беззаконня. Росквіт таленту паэта супаў з ажыўленнем у краі прагрэсіўнай дэмакратычнай думкі, з усеагульным прадчуваннем значных палітычных падзей. Грамадзянская актыўнасць Сыракомлі, абумоўленая самім жыццём краю і цесна звязаная з пільнымі патрэбамі і спадзяваннямі народа, праяўлялася літаральна ва ўсёй яго дзейнасці: у паэзіі і публіцыстыцы, гісторыка-краязнаўчых нарысах і археалагічных пошуках, адносінах з людзьмі. Рухаючай сілай яго літаратурна-грамадскай работы была бязмежная любоў да роднага краю. У сваёй творчасці паэт арыентаваўся на дэмакратычнага чытача. "Сельскі лірнік" марыў, каб яго творы трапілі пад "саламяную страху". Але тут узнікалі пэўныя цяжкасці. Многія творы паэт пісаў па-польску, а асноўнае насельніцтва яго роднага краю, сялянства, з'яўлялася беларускамоўным. Таму зварот Уладзіслава Сыракомлі да напісання твораў на беларускай мове быў зразумелым і заканамерным - значна скарачаўся шлях яго паэзіі да шырокіх мас, простага чытача або слухача. На жаль, да нас дайшлі толькі два беларускія вершы паэта - агітацыйна-антыцарскі верш "Добрыя весці" і вершаваная лірычная мініяцюра "Ужо птушкі пяюць усюды...". Большасць паэтычных твораў Сыракомлі напісана ў жанры вершаваных апавяданняў, у якіх рэальнае, бытавое спалучаецца з легендамі і паданнямі, народжанымі фантазіяй народа. Хоць паэтычная творчасць займала значнае месца ў жыцці Сыракомлі, ён пакінуў след і ў іншых напрамках беларускай культуры. Вялікую цікавасць маюць яго гістарычна-краязнаўчыя даследаванні: "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах", "Мінск", "Нёман ад вытокаў да вусця" і іншыя. Ён вывучаў гісторыю, этнаграфію, фальклор, мову беларусаў. Быў першым крытыкам новай беларускай літаратуры. Шырока выкарыстоўваў элементы беларускага фальклору, апрацоўваў і перакладаў беларускія народныя песні. Сыракомля падтрымліваў сувязь з мінскім літаратурным асяроддзем, а таксама выступаў у польскім друку з водзывамі аб беларускіх творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, дзе выказваў зацікаўленасць перспектывамі развіцця беларускай літаратуры і мовы, напісаў у гонар беларускага паэта верш "Тост у доме В.Марцінкевіча". Уладзіслаў Сыракомля падтрымаў прыход у літаратуру Вінцэся Каратынскага, разам з якім збіраўся выдаць кнігу вершаў на беларускай мове (задума не ажыццёўлена). За патрыятычныя выступленні на антыўрадавых маніфестацыях у 1861 годзе ён быў арыштаваны і адпраўлены ў віленскую турму. А праз год, у 1862 годзе, Уладзіслаў Сыракомля памёр. Пры жыцці ён марыў, каб яго песня не засталася без рэха, і мара паэта здзейснілася. Яго творы выдаюцца і сёння не толькі ў Польшчы, але і на роднай беларускай зямлі. Імем Уладзіслава Сыракомлі названы вуліцы ў многіх гарадах Беларусі, у Нясвіжскім фарным касцёле ў 1912 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная пліта, яго імя высечана на мемарыяльным камені каля вёскі Мясата (62-ы км шашы Мінск - Маладзечна), устаноўленым у гонар вядомых людзей, якія праязджалі па гэтаму старадаўняму тракту.-0-
Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Перанос рабочых дзён у 2019 годзе 2 студзеня з'яўляецца рабочым днём. Рабочы дзень з панядзелка 6 мая пераносіцца на суботу 4 мая; з серады 8 мая - на суботу 11 мая (выхадныя - 5, 6, 7, 8, 9 мая).