Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 сакавіка 2023, 16:19

Зрабіць рэтра-здымак прапануюць на выставе аб гісторыі фота ў Віцебску

10 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Зрабіць рэтра-здымак у фотаатэлье і даведацца аб гісторыі стварэння такіх здымкаў прапануюць наведвальнікам экспазіцыі "Пра.ФОТА. Гісторыя фатаграфіі XIX - пачатку XX стагоддзя" ў гарадской ратушы ў Віцебску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным краязнаўчым музеі.

Інтэрактыўная прастора адкрыецца на паддашку гарадской ратушы і сумясціць у сабе функцыі фотаатэлье і выставачнай залы. Тут раскажуць пра даўнія традыцыі гэтага мастацтва, пазнаёмяць з работамі віцебскіх фатографаў-аматараў і прафесіяналаў. У экспазіцыі больш за 80 здымкаў: работы фотаатэлье з XIX стагоддзя і да нашых дзён, фотатэхніка вытворчасці Савецкага Саюза, краін Еўропы і ЗША. Асаблівае месца адведзена здымкам, зробленым вынаходнікам шторна-шчыліннага затвора Сігізмундам Антонавічам Юркоўскім, у якога фотаатэлье ў Віцебску праіснавала больш за тры дзясяткі гадоў. Таксама асобны стэнд прысвечаны фотамастаку Аляксандру Глебаву. Яго асабістыя рэчы і тэхніку ў лютым гэтага года перадаў у дар музею віцебскі мастак і стваральнік экспазіцыі Аляксандр Вышка. Частка работ раскажа пра гісторыю першага на тэрыторыі Беларусі Віцебскага фатаграфічнага гуртка.

"Атмасфера фотаатэлье XIX стагоддзя адноўлена на выставе. Любы жадаючы зможа прыйсці і атрымаць свой партрэтны рэтра-здымак або забраніраваць месца па запісе. А таксама паспрабаваць сябе ў ролі фатографа, паўтарыць сюжэт першага ў свеце здымка француза Нісефора Ньепса, які сфатаграфаваў від з акна ў Ле-Гра. З вокнаў віцебскай ратушы адкрываецца непаўторны гарадскі пейзаж, ён зможа застацца ў памяці наведвальнікаў і ўдзельнікаў праектаў у рамках пастаяннай экспазіцыі, - адзначылі ў музеі. - Акрамя таго, у атэлье будуць праводзіцца фотасесіі і ажыццяўляцца ўсе віды фотапаслуг, алічбоўка старых плёнак, відэакасет VHS".

Выставачная зала, дзе размесціцца пастаянная экспазіцыя, стане месцам сустрэч з фатографамі, у тым ліку з віцебскага фотаклуба імя С.Юркоўскага "Старая ратуша", правядзення кінапаказаў і майстар-класаў. На пастаяннай аснове тут арганізуюць заняткі па асновах фатаграфавання лічбавай тэхнікай і яе настройкі для пачаткоўцаў. А паколькі нямала аматараў і прафесіяналаў сёння здымаюць на плёнку, тут плануюць стварыць асобнае супольніцтва такіх фатографаў.

Выстава "Пра.ФОТА. Гісторыя фатаграфіі XIX - пачатку XX стагоддзя" і фотаатэлье адкрыюцца ў абласным краязнаўчым музеі 11 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі