Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лістапада 2021, 15:34

"Зоркі сёмага неба" адкрыюць кінафестываль "Лістападзік" у Мінску

15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Анімацыйным мюзіклам "Зоркі сёмага неба" адкрыюць 20 лістапада ў кінатэатры "Піянер" фестываль фільмаў для дзяцей "Лістападзік", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Фільм "Зоркі сёмага неба" рэжысёра Алены Туравай раскажа прыгодніцкую гісторыю пра дзяцей, дарослых і зорак. "На планеце людзі развучыліся глядзець на зоркі і сталі жорсткімі. Прынамсі, дарослыя людзі. Дзеці на зоркі ўсё яшчэ пазіраюць і спадзяюцца зрабіць свет лепшым. Акрамя таго, у кінатэатры "Піянер" у гэты дзень пакажуць яшчэ восем анімацыйных жамчужын", - расказалі арганізатары.

На паказах, якія пачнуцца ў 14.00, можна будзе ўбачыць расійскую кінакарціну аб лямпачках, пад'ездах і блізкіх людзях "Бу!" рэжысёра Рэгіны Сабрэкавай. Гэты фільм раскажа, як хутка палепшыць уласныя навыкі дзякуючы падтрымцы блізкіх. Таксама пакажуць беларускую стужку пра Максіма Багдановіча "Я тайну ў глыбіні душы хаваю", якая расказвае аб любові да роднай культуры, мовы, аб творчасці і яркіх момантах жыцця паэта.

Айчынную карціну "Прэлюдыя і фуга" рэжысёра Ігара Волчака таксама пакажуць у "Піянеры". "Скрозь прызму дзіцячых успамінаў гэты фільм раскажа пра 1950-1990-я гады мінулага стагоддзя, жыццё тых пакаленняў і фарміраванне творчай асобы", - адзначылі арганізатары фестывалю.

Увазе маленькага гледача прадставяць фільм Жолта Пальфі "Томі і львяня". Гэта венгерская кінастужка пра хлопчыка, якому львяня дапамагае пераадолець страхі. Будзе прадстаўлены і фільм эстонскага рэжысёра Сііма Рауда "Поўны рот вады" аб тым, як ранішні рытуал быў перапынены незвычайным здарэннем.

"Яшчэ адна кароткая і пяшчотная гісторыя ад рэжысёра Ані Ру пра маленькую дзяўчынку "Тата - вялікі, я - маленькая" (Расія - Італія) раскажа, як дачка адпраўляее бацьку ў далёкае плаванне. Госці "Лістападзіка" ўбачаць на экране "Вечнае полымя" (В'етнам) ад рэжысёра Ву Дуй Канха - фільм пра венцаносных жураўлёў, маленькага хлопчыка, страту і каханне", - дадалі арганізатары.

Апошні паказ у гэты дзень - фільм "Нават мышы трапляюць у рай". Адзначаецца, што гэты кінапраект стварала група з Чэхіі, Францыі, Славакіі і Польшчы. Гісторыя ўжо адзначана Залатым кубкам Шанхайскага міжнароднага кінафестывалю. Пачатак у 16.00.

XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 20 па 26 лістапада. Заснавальнікі - Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам, арганізатар - Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Усяго дырэкцыя фестывалю атрымала 273 заяўкі з 54 краін. Сярод іх як даўнія сябры і кінапартнёры Беларусі (Расія, Украіна, Азербайджан, Грузія, Сербія), так і краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі