Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 лютага 2020, 18:10

Зоркі оперы выйдуць на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў "Рыгалета"

25 лютага, Мінск /Настасся Архіпава - БЕЛТА/. Артысты Надзея Паўлава, Павел Пятроў і Уладзіслаў Сулімскі, якія пакарылі лепшыя оперныя пляцоўкі свету, выканаюць сёння галоўныя партыі ў оперы Джузэпэ Вердзі "Рыгалета" ў пастаноўцы Неэме Кунінгаса (Эстонія) на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Заслужаная артыстка Расіі Надзея Паўлава атрымала прэмію "Залатая маска" і з'яўляецца лаўрэатам Строганаўскай прэміі. У 2015 годзе дзякуючы прыгожаму голасу і артыстычнаму таленту яна ўзяла Гран-пры ІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў і Прыз глядацкіх сімпатый. "Для мяне гэта гонар выступаць на беларускай сцэне, - прызналася спявачка. - Наогул я вельмі люблю Мінск. Кожны раз, калі прыязджаю сюды, у мяне адчуванне, што ў вашым горадзе так шмат святла. І столькі ж шмат светлых, добрых, спагадлівых, адкрытых, гасцінных людзей вакол. А як цёпла мяне сустракае Вялікі тэатр - гэта наогул асобая тэма. Такая душэўнасць заўсёды падкупляе, і хочацца вяртацца туды, дзе цябе так любяць і прымаюць". У оперы Джузэпэ Вердзі артыстка выступіць у ролі Джыльды.

У выкананні беларускага тэнара Паўла Пятрова гледачы "Рыгалета" пачуюць вядомую кампазіцыю "La donna è mobile" - спявак паўстане ў вобразе Герцага. У 2018 годзе артыст перамог у прэстыжным міжнародным конкурсе маладых вакалістаў Operalia ў Лісабоне, а таксама стаў уладальнікам прэміі Zarzuela імя Пласіда Дамінга. Летам 2019-га Павел Пятроў на сусветна вядомай пляцоўцы "Арэна дзі Верона" ў Італіі ўдзельнічаў у апошняй пастаноўцы Франка Дзэфірэлі - оперы "Травіята". Выканаўца таксама ўдастоіўся высокай узнагароды - Аўстрыйскай прэміі музычных тэатраў - за партыю Ленскага ў оперы Пятра Чайкоўскага "Яўген Анегін".

У гэты вечар барытон Уладзіслаў Сулімскі выканае галоўную партыю. У 2016-м за ролю Сімона Баканегры ў пастаноўцы Марыінскага тэатра саліст стаў уладальнікам вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга "Залаты сафіт" у намінацыі "Лепшая мужчынская роля ў оперным спектаклі", а ў 2017-м - лаўрэатам яшчэ дзвюх оперных узнагарод: прэміі "Анегін" за ролю Манфора ў спектаклі "Сіцылійская вячэрня" і прэміі Casta Diva. Як запрошаны саліст Уладзіслаў Сулімскі выступаў у Вялікім тэатры Расіі, тэатрах Базэля, Мальмё, Штутгарта, Рыгі, Даласа, на Эдынбургскім фестывалі, фестывалі ў Саванліне, фестывалі краін Балтыйскага моря, на Оперным фестывалі ў Санкт-Маргарэтэне (Аўстрыя). Летам 2018 года Уладзіслаў Сулімскі дэбютаваў на Зальцбургскім фестывалі ў пастаноўцы оперы "Пікавая дама".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі