
14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заслужаны калектыў Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь 26 лютага прадставіць новую канцэртную праграму "Зямля і неба сустрэліся вачамі…", паведамілі БЕЛТА ў Белдзяржфілармоніі.
У новай праграме камернага хору прагучаць заходнееўрапейскія шэдэўры XVII і XX стагоддзяў, творы беларускіх і рускіх кампазітараў, а таксама спірычуэлс.
"У рэпертуары камернага хору няма музыкі не духоўнай, паколькі харавы рэпертуар заўсёды арыентаваны на захоўванне высокіх канонаў. Новая ж праграма засяроджана на музыцы духоўнай па сваім прызначэнні - у вялікай разнастайнасці стылявых і жанравых яе праяў у розных культурных традыцыях", - адзначыла мастацкі кіраўнік хору Наталля Міхайлава.
"Калектыў камернага хору шматаблічны, нярэдка ўражвае сваіх слухачоў нечаканымі вобразамі, і тым не менш хор заўсёды застаецца адданым акадэмічнай традыцыі", - адзначылі ва ўстанове культуры.
Сёння рэпертуар Дзяржаўнага камернага хору вызначаецца вялікай разнастайнасцю і шырынёй: шэдэўры сусветнай класічнай музыкі, старадаўняя беларуская музыка XVI - XVIII стагоддзяў; руская духоўная музыка; сучасная беларуская і замежная музыка. У рэпертуары хору таксама шырока прадстаўлены апрацоўкі беларускіх народных песень, джазавай і папулярнай музыкі - усяго больш за 900 твораў.-0-