Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 снежня 2021, 09:42

"Зіма, і ўсё зноў упершыню": новая экспазіцыя ў НЦСМ аб'яднала тры выставы для дзяцей і дарослых

24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адразу тры выставы праекта "Зіма, і ўсё зноў упершыню" адкрыліся ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. У яго ўвайшлі экспазіцыі "KnittingIsolationout: паток, пяцелькі, ізаляцыя" і "Шостая выстава праектаў школы архітэктурнага мыслення", расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па творчай рабоце НЦСМ Алеся Іназемцава.

"Праект традыцыйны для нашага цэнтра і існуе ўжо чацвёрты год. Раней ён праходзіў пад назвай "Новы год. Анталогія свята". На працягу гэтых гадоў куратары разважалі пра зімовыя святы з пункту гледжання іх гістарычнай перадумовы, атрыбутыкі, традыцый. Тут прадстаўляліся ўспаміны пра cавецкі перыяд. Мандарыны, шампанскае, фільм "Іронія лёсу" - у кантэксце Новага года гэта ўжо гісторыя. Мы паказвалі архіўныя фатаграфіі, карціны, ёлачныя цацкі", - расказала Алеся Іназемцава аб першых гадах існавання праекта.

Сёння ён аб'ядноўвае ў сабе тры выставы, якія маюць адзіную канцэпцыю. "У гэтым годзе змянілася назва - "Зіма, і ўсё зноў упершыню". Усё, што вы бачыце ў гэтых залах, - падвядзенне вынікаў і ў той жа час пачатак новага цыкла. У нас атрымалася экспазіцыя, якая дапамагае адчуць зімовы каларыт", - заўважыла намеснік дырэктара.

На выставе можна ўбачыць работы з фонду НЦСМ, у якіх сучасныя мастакі асэнсоўваюць "жыццё пад снегам": якія асацыяцыі ён нараджае, што для іх значыць зіма.

Прадаўжае праект канцэптуальная выстава Марыі Гвардзейцавай "KnittingIsolationout: паток, пяцелькі, ізаляцыя", якая злучыла даследаванне чалавечай прыроды і апавяданне аўтара. Госці могуць назіраць 11 твораў змешанай тэхнікі, дзве інсталяцыі і відэаролік. У сваім даследаванні Марыя Гвардзейцава акунае гледачоў у сусветы і яркія вобразы розных адчуванняў. Намеснік дырэктара адзначыла цікавую тэндэнцыю: у перыяд пандэміі многія мастакі звярнуліся да тэмы рукадзелля, таму ў апошнія гады адкрывалася шмат выстаў-інсталяцый.

"Ідэя нарадзілася ў мастачкі ў час ізаляцыі, калі дзяўчына пачала вязаць у час каранціну. Гэтыя інсталяцыі наводзяць на разважанні, медытацыю, дапамагаюць засяродзіцца на сваіх думках. Вязаныя рэчы нясуць цяпло дамашняй утульнасці", - звярнула ўвагу Алеся Іназемцава.

Па стылістыцы трэцяя зала, у якой размясцілася "Шостая выстава праектаў школы архітэктурнага мыслення", атрымалася непадобнай на астатнія. Тут вынікі каляндарнага года адлюстраваны ў работах вучняў школы. Дзеці ад 5 да 10 гадоў прадэманстравалі малюнкі і макеты. Хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавалі спраектаваць дом мары. "У работах дзеці прадумвалі ўсё да дробязей: размяшчэнне пакояў, вокнаў, каляровыя і незвычайныя рашэнні. Тут прымяняліся сацыялагічныя, экалагічныя і архітэктурныя веды", - склала яна.

У час работы экспазіцый будуць арганізаваны творчыя майстар-класы, квесты і экскурсіі. Супрацоўнікі НЦСМ рэкамендуюць наведаць музейна-сямейнае свята, якое пройдзе ва ўстанове 6 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі