Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 красавіка 2022, 19:58

Жывапіс мінскіх педагогаў-мастакоў прадстаўлены ў арт-гасцёўні "Высокае мѣста"

1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу і акварэлі "Выбранае" выкладчыкаў Дзіцячай школы мастацтваў нумар 1 Мінска адкрылася ў арт-гасцёўні "Высокае мѣста". Такая інфармацыя размешчана на сайце Музея гісторыі горада Мінска.

"Экспазіцыю выставы "Выбранае" складаюць пейзажы, нацюрморты і партрэты ў выкананні педагогаў - мастакоў Дзіцячай школы мастацтваў нумар 1 Ларысы Зарубінай, Юрыя Козела і Дзмітрыя Мшара. У сваіх работах аўтары арыентуюцца на гармонію і прыгажосць, на вечныя каштоўнасці мастацтва. Тонкі лірычны настрой, лёгкая манера выканання, пазітыўнае ўспрыманне і адчуванне навакольнай рэчаіснасці аб'ядноўваюць гэтых майстроў, - адзначылі ў музеі. - Залог поспехаў вучняў - прыклад педагогаў. Мастакі сумяшчаюць творчую дзейнасць з педагагічнай работай, перадаюць вучням свае веды і мастацкі вопыт, выхоўваюць і прывіваюць любоў да мастацтва і роднай Беларусі".

Дзіцячая школа мастацтваў нумар 1 Мінска заснавана ў 1981 годзе і з таго часу мае высокі рэйтынг сярод сталічных навучальных устаноў у сферы культуры і мастацтва. Штогод навучэнцы школы прымаюць удзел у міжнародных, рэспубліканскіх, гарадскіх конкурсах, фестывалях і выставах, дзе становяцца ўладальнікамі гран-пры, а таксама лаўрэатамі I, II, III ступеней.

Выстава прадоўжыцца па 1 мая.

Ларыса Зарубіна - беларускі мастак-педагог, член Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў галіне станковага жывапісу ў жанры нацюрморта і пейзажа. Асаблівае месца ў яе творчасці займаюць пейзажы Беларусі, Лошыцкага прадмесця, кампазіцыі з кветкамі, а таксама работы, выкананыя ў розных падарожжах.

Юрый Козел - беларускі мастак-педагог, член Беларускага саюза мастакоў, стажыраваўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага. Працуе ў галіне станковага жывапісу ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта.

Дзмітрый Мшар - беларускі мастак-педагог, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар працуе ў жанры пейзажа і нацюрморта ў форме станковага жывапісу. Спалучае традыцыі беларускай жывапіснай школы з матывамі імпрэсіянізму. Галоўнымі крыніцамі натхнення з'яўляюцца родная беларуская прырода і архітэктура. На выставе прадстаўлена серыя акварэльных работ з культавай архітэктурай Беларусі перыяду XVI-XVII стагоддзяў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі