Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 жніўня 2022, 15:27

Жывапіс і графіку Леаніда Шчамялёва прадставяць на выставе да 955-годдзя Мінска

17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва пройдзе адкрыццё выставы жывапісу і графікі "Леанід Шчамялёў. Мой Мінск" з калекцыі галерэі "Прадмесце". Выстава прысвечана 955-годдзю Мінска. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў галерэі.

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў нарадзіўся ў 1923 годзе ў Віцебску, але большую частку свайго жыцця (больш за 70 гадоў) пражыў у Мінску і па праву мог лічыць гэты горад родным. Горад, які сустрэў будучага майстра ў 1947 годзе руінамі і попелам, горад, які адбудоўваўся і рос на вачах мастака і з якім было звязана так шмат - вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, работа ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.В. Ахрэмчыка (цяпер гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка) і на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ), майстэрні ў Доме мастакоў на вуліцы Сурганава.

Леанід Шчамялёў шмат работ прысвяціў любімаму Мінску, і горад заўсёды адказваў узаемнасцю і шчодра прадастаўляў сюжэты для новых карцін. Нішто не выпала з-пад дапытлівай увагі майстра. Усё было важна і неабходна ў гарадскім жыцці - шырокія праспекты і ўтульныя дворыкі, акружаныя кустамі бэзу, вільготная прахалода асенніх паркаў і спакойнае люстэрка Мінскага мора, а таксама звычайныя гараджане, знаёмыя і не вельмі, іх будні і святы, гісторыя і сучаснасць.

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны яшчэ пры жыцці стаў легендай Мінска. За цыкл работ "Палітра майго часу" яму прысвоена званне лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы. А ў 2003 годзе ён падарыў роднаму гораду 60 сваіх палотнаў і быў удастоены ганаровага звання "Мінчанін года". У тым жа годзе ў Мінску адкрылася Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва. На выставе прадстаўлены работы з калекцыі галерэі "Прадмесце" і з фондаў Музея гісторыі горада Мінска.

Выстава прадоўжыцца да 2 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі