Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 лютага 2022, 12:37

Журналістам прадставілі апошняе фота Міхаіла Савіцкага

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гісторыя стварэння Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага і творчы шлях майстра сталі асноўнымі тэмамі, якія закранула ў час выязной прэс-канферэнцыі дырэктар галерэі Галіна Ладзісава, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Святкаванне 100-гадовага юбілею - вельмі знакавая, знамянальная дата для нашай краіны, і я так думаю, што абагульняючай характарыстыкай творчасці Савіцкага будуць словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што талент Міхаіла Савіцкага - бясцэнны здабытак беларускага народа", - адзначыла Галіна Ладзісава.

Яна падкрэсліла важнасць узаемнага супрацоўніцтва музеяў па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны: "Трэба разумець агульную задачу музеяў і грамадскіх арганізацый і браць пад увагу той факт, што творчая спадчына Міхаіла Савіцкага камплектавалася, канцэнтравалася ў музеях Беларусі і за мяжой з канца 60-х гадоў і да 2010 года. Работы набываліся Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, Траццякоўскай галерэяй, Беларускім музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і таму галоўныя творы пакуль знаходзяцца ў фондах гэтых устаноў культуры", - сказала Галіна Ладзісава.

Карціны, прадстаўленыя ў самой галерэі, - гэта работы, якія ўжо былі перададзены пасля смерці мастака яго сям'ёй, і некаторыя іншыя творы. У гэтым годзе галерэя плануе прадставіць яшчэ тыя старонкі біяграфіі мастака, якія мала вядомы шырокаму гледачу.

"Сям'ёй мастака былі перададзены вучэбныя малюнкі той пары, калі ён яшчэ вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, вучэбныя работы Маскоўскага мастацкага інстытута імя Сурыкава. Гэта эцюдныя работы, якія ён рабіў у розных кутках Беларусі, калі прыязджаў на канікулы. Міхаіл Савіцкі ездзіў па розных гарадах, мястэчках і пісаў свае работы. На жаль, нямногае дайшло і захавалася, але вось тое, што ёсць, будзе цяпер прадстаўлена", - падзялілася Галіна Ладзісава.

Дырэктар галерэі адзначыла, што гэта зусім іншыя работы, але яны таксама па-свойму цікавыя. Ёсць і незавершаныя работы - гэта ўсё тое, што можа адлюстраваць светапогляд і ўнутраны душэўны стан мастака ў нейкія моманты.

У час прэс-канферэнцыі ў галерэі былі прадстаўлены апошняя фатаграфія мастака і апошні яго аўтограф, якія былі зроблены ў час наведвання мастаком экспазіцыі, што папярэднічала адкрыццю галерэі. "Стварыць галерэю - гэта было даручэнне кіраўніка дзяржавы. Рашэнне аб стварэнні было прынята пасля прысваення Міхаілу Савіцкаму звання Героя Беларусі. А сама галерэя стваралася ў адпаведнасці з пажаданнямі Міхаіла Савіцкага, якія ён агучыў пры ўзнагароджанні", - адзначыла дырэктар галерэі.

У год 100-гадовага юбілею майстра Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага праводзіць маштабную работу і рыхтуецца прадставіць некалькі экспазіцый. "Вельмі цікавыя тыя факты, што Савіцкі супрацоўнічаў з многімі нашымі беларускімі часопісамі ("Маладосць", "Полымя" і інш.), дзе ілюстраваў творы нашых беларускіх пісьменнікаў. І, вядома ж, гэтыя вось невялікія выставы сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі мы будзем паказваць на працягу ўсяго года", - адзначыла кіраўнік галерэі.

17 лютага, напярэдадні дня нараджэння мастака, у галерэі адкрыецца выстава "Міхаіл Савіцкі. Спадчына". Галіна Ладзісава расказала, што будуць прадстаўлены работы не толькі самога Савіцкага, але і выхаванцаў творчых акадэмічных майстэрняў.

"Гэта наогул унікальная з'ява. Толькі дзякуючы аўтарытэту Міхаіла Савіцкага ў 1981 годзе на прасторы былога Савецкага Саюза былі адкрыты творчыя акадэмічныя майстэрні. Сёння наследнікам гэтых майстэрняў з'яўляецца Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў", - расказала Галіна Ладзісава.

"Вядома, нашай задачай з'яўляецца - правесці па абласных краязнаўчых музеях рэспублікі невялікія выставы. Да 9 мая мы плануем выставіць экспазіцыю ў Віцебску, а таксама і на малой радзіме, у Коханаўскай сярэдняй школе, дзе вучыўся мастак, сфарміраваць невялікую экспазіцыю. І, вядома, мы плануем правесці лекцыі і сустрэчы з далёкімі сваякамі мастака", - дадала дырэктар мастацкай галерэі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі