Сцяг Нядзеля, 8 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 ліпеня 2024, 10:15

Жараб'ёўка выканаўцаў, Дзень нацкультур краін ШАС. Што яшчэ сёння будзе на "Славянскім базары"

12 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Больш за тры дзясяткі падзей запланавана на 12 ліпеня ў асноўнай праграме "Славянскага базару ў Віцебску". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Стартуе фестывальны дзень з сустрэчы міністраў культуры краін - удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў міжнародным прэс-цэнтры ў 9.30. Тэмай стане "Дыялог культур - фактар яднання народаў краін ШАС".

Практычна адначасова каля мемарыяльнага комплексу "Вызваліцелям Віцебска - савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам" пачнецца патрыятычная акцыя і шэсце. Мерапрыемствы прысвяцілі 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У 10.00 у Доме кіно адбудзецца прэс-канферэнцыя лаўрэатаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2023-2024 гады.

На Пушкінскай плошчы, пачынаючы з 10.00, гасцей будзе чакаць свята народнай культуры і традыцый. Яно ўпісана ў летапіс цяперашняга "Славянскага базару" як частка Дзён Саюзнай дзяржавы.

Марш-парад удзельнікаў Дзён моладзі на форуме мастацтваў запланаваны на 10.30. Ад плошчы Перамогі яны пройдуць да лакацыі перад Канцэртнай залай "Віцебск", дзе ў 11.00 плануюць урачыста адкрыць праект.

Праз паўгадзіны пачнецца прэс-канферэнцыя членаў журы цяперашняга Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск", а ў 13.00 - прэс-канферэнцыя і цырымонія падпісання пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж "Славянскім базарам" і фестывалем Kavkaz music fest. У 20.00 ужо форум-пабрацім прадставіць свае праекты ў святочным Віцебску.

Круглы стол "Саюзная дзяржава - агульная духоўнасць і прастора магчымасцей" у 12.00 пачнецца ў канферэнц-зале Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Тут абмяркуюць перспектыўныя праекты і новыя напрамкі супрацоўніцтва для развіцця славянскай культуры.

Прадоўжыць работу новы фестываль, прысвечаны сацыяльнаму кіно. На спектаклі "Дружная кампанія" і "Горад дзяцінства" ў рамках тэатральных сустрэч запросяць у "Лялечны квартал". Самых крэатыўных вызначаць на конкурсе "Агонь маладзёжных талентаў". І лепшых назавуць на чэмпіянаце па футболе сярод зборных пярвічных арганізацый БРСМ "Сіла ў камандзе".

Модны паказ "Рука ў руцэ", свята харавой музыкі "Славянскі благавест", прэзентацыя выставы, цырымонія ўзнагароджвання і гала-канцэрт дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск", а таксама жараб'ёўка выканаўцаў эстраднай песні - у праграме гэтага дня.

Эстафету сольнікаў прыме спявачка, кампазітар, актрыса і тэлевядучая Марыям Мерабава. Запланаваны гала-канцэрт у рамках Дзён Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары" ў Летнім амфітэатры і яшчэ адзін - у гонар закрыцця Дзён моладзі ў КЗ "Віцебск". Завершыць насычаны фестывальны дзень, ужо ў 01.30, "Залаты хіт" на галоўнай пляцоўцы васільковага форуму.

XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць з 9 па 15 ліпеня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі