
26 студзеня, Кіеў /БЕЛТА - УКРІНФАРМ/. У Кіеве 31 студзеня адбудзецца жараб'ёўка краін - удзельніц "Еўрабачання-2017" і цырымонія перадачы сімвалічнага ключа конкурсу.
Жараб'ёўка, па выніках якой стане вядома, якія краіны будуць прадстаўлены ў першым, а якія - у другім паўфінале "Еўрабачання-2017", будзе праходзіць 31 студзеня ў Калоннай зале Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі. У гэты ж дзень адбудзецца цырымонія перадачы сімвалічнага ключа "Еўрабачання" мэру Кіева Віталю Клічко ад прэзідэнта гарадскога савета Стакгольма Евы-Луізы Эрландсан Слорак.
Першая частка працэдуры жараб'ёўкі адводзіцца на вызначэнне таго, у якім з паўфіналаў будуць галасаваць краіны "Вялікай пяцёркі" (Францыя, Германія, Італія, Іспанія, Вялікабрытанія) і краіна-гаспадыня цяперашняга конкурсу (Украіна), якія штогод аўтаматычна праходзяць у фінал.
Наступным крокам стане размеркаванне паміж двума паўфіналамі яшчэ 37 удзельнікаў міжнароднага песеннага конкурсу 2017 года. Такім чынам будзе вызначана, прадстаўнікі якіх 18 краін будуць выступаць у першым паўфінале, а прадстаўнікі якіх 19 краін - у другім. Дакладны парадак выступленняў будзе вызначаны прадзюсарамі шоу пазней.
У рэшце рэшт у фінал "Еўрабачання" пройдуць па дзесяць краін з кожнага паўфіналу. У агульнай колькасці, разам з "Вялікай пяцёркай" і краінай-гаспадыняй конкурсу, за перамогу будуць спаборнічаць 26 удзельнікаў. За працэдурай жараб'ёўкі і яе належным выкананнем згодна з правіламі "Еўрабачання" будуць сачыць прадстаўнікі Наглядальнага савета песеннага конкурсу.
Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Кіеве з 9 па 13 мая.-0-