Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2021, 09:55

Жаночыя партрэты і кветкавыя нацюрморты Людмілы Курыловіч прадставяць у Мінску

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава Людмілы Курыловіч "Святочны букет для жанчын" адкрыецца 22 лютага ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Будуць прадстаўлены жаночыя партрэты і кветкавыя нацюрморты, створаныя ў розныя перыяды. Аўтар заўсёды ў творчым пошуку. "Апошнім часам яна ўсё часцей звяртаецца да жанру партрэта. Непарыўная сувязь Людмілы Курыловіч з малой радзімай з'яўляецца для мастачкі крыніцай святла, сюжэтаў і ўспамінаў. Сярод герояў яе партрэтаў - землякі, сваякі, сябры", - адзначылі арганізатары.

"Наведвальнікі змогуць убачыць усе "поры года" жаночай душы: дзяўчынка, дзяўчына, жанчына", - расказалі ў галерэі.

Людміла Курыловіч - мастак-аматар. Пасля заканчэння ў 1986 годзе Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава пераехала ў Расію, цяпер жыве ў Маскве. Была выкладчыкам матэматыкі і фізікі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў гімназіі, кансультантам дэпартамента сацыяльнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

"Жывапіс увайшоў у жыццё Людмілы Курыловіч пяць гадоў таму. Менавіта тады яна ўпершыню ўзяла пэндзаль у рукі. Развіццё мастачкі праходзіла вельмі імкліва. Стан душы, які ўзнік пры напісанні работ, перадаваўся на палатне, і творы атрымлівалі высокую ацэнку ад гледачоў. У творчасці супрацоўнічала з народнымі мастакамі Валянцінам Сідаравым, Георгіем Паплаўскім, братамі Сяргеем і Аляксеем Ткачовымі. Яе карціна "Мудрасць" перамагла на конкурсе жывапісу ў намінацыі "Партрэт" на тыдні мастацтваў у Грэцыі ў 2019 годзе", - падкрэслілі арганізатары.

За пяць гадоў аўтар прыняла ўдзел у шматлікіх сумесных выставах і правяла дзевяць персанальных. Работы Людмілы Курыловіч знаходзяцца ў музеях Беларусі, у прыватных калекцыях у Францыі, Германіі, Нідэрландах, Канадзе, краінах СНД.

Азнаёміцца з яе работамі ў Мінску можна будзе да 9 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі