Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 красавіка 2021, 16:06

Зборнік Багдановіча "Зачарованае царства" па матывах народных абрадаў і песень выпусціла "Беларуская энцыклапедыя"

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборнік "Зачарованае царства" серыі "Кнігі нашага дзяцінства" выйшаў у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы паэта Максіма Багдановіча. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве.

У кнігу ўвайшлі паэма-казка "Мушка-зелянушка і Камарык - насаты тварык" і вершы са зборніка "Вянок". "Ужо калі Максім Багдановіч быў прызнаным пісьменнікам, ён звярнуўся да напісання твораў у беларускім народным стылі. Адным з такіх твораў стала вершаваная казка "Мушка-зелянушка і Камарык - насаты тварык", упершыню апублікаваная ў газеце "Наша Ніва" 7 мая 1915 года. Матыў казкі - няўдалая жаніцьба камара - запазычаны пісьменнікам з народных песень", - адзначылі ў выдавецтве.

У творы паказаны карціны народных сямейна-бытавых абрадаў - сватаўство, заручыны, вяселле, пахаванне. "Казка вызначаецца павучальным зместам, не заўсёды ж за прыгожымі i нібыта шчырымі словамі стаяць добрыя ўчынкі, аб'ёмнасцю вобразаў, псіхалагічнай матываванасцю ўчынкаў літаратурных герояў i эстэтычнай глыбінёй", - расказалі ў "Беларускай энцыклапедыі".

Ва ўступным слове выдання даюцца кароткія біяграфічныя звесткі пра Максіма Багдановіча і яго сям'ю, багатую на таленавітых людзей. "Напрыклад, бабуля Анэля, хоць і не мела адукацыі, але валодала надзвычайнымі матэматычнымі здольнасцямі: імгненна ў памяці ўзводзіла лічбы ў 6-7-ю ступень. Яшчэ яна была выдатнай апавядальніцай, а гэты талент, паводле ўспамінаў бацькі Максіма Багдановіча, пераняла ад сваёй маці знакамітай казачніцы Рузалі Асьмак. Прырода надзяліла прабабулю пісьменніка волатаўскай дужасцю: яна касіла нараўне з мужчынамі, мералася сілаю з імі - і нярэдка перамагала. Але перш за ўсё славілася як знахарка, варажбітка і цудоўная апавядальніца", - падкрэслілі ў выдавецтве.

"Фальклор займаў значнае месца ў творчасці Максіма Багдановіча. Ён выкарыстоваў сюжэты беларускай міфалогіі, а таксама вобразы і матывы народнай песні. Творы, сабраныя ў такім невялікім зборніку, яскрава аб гэтым сведчаць", - дадалі ў "Беларускай энцыклапедыі".

Кніга аформлена цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Крысціны Пержуковай (Баранавай). Выданне дапоўніць школьную праграму і дапаможа педагогам, бібліятэкарам у арганізацыі тэматычных заняткаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі