Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 снежня 2022, 19:42

Завадзюк аб прэм'еры ў Купалаўскім тэатры: тут працуюць артысты, здольныя сыграць гэтыя ролі

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэжысёр і мастак-пастаноўшчык Андрэй Завадзюк расказаў журналістам, чаму выбраў у якасці матэрыялу для новай пастаноўкі "Апошні атракцыён" п'есу амерыканскага драматурга, рэжысёра, сцэнарыста, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Дэвіда Ліндсі-Эбера, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Некалі прачытаў гэту п'есу, і яна вельмі кранула, вельмі спадабалася. А тут ёсць выдатныя артысты, якія могуць сыграць гэтыя ролі, - Тамара Міронава і Вольга Няфёдава. Калі б не было артыстаў, не было б п'есы", - сказаў Андрэй Завадзюк.

Ён адзначыў, што ў работу над трагікамедыяй творчая група ўключылася з вялікім азартам і цікавасцю. Паводле яго слоў, на рэпетыцыях усе атрымлівалі вялікае задавальненне.

Андрэй Завадзюк не стаў расказваць сюжэт спектакля. Аднак заўважыў, што гэта цёплая, чалавечая гісторыя. "Сваёй чалавечнасцю зацікавіла. Яна зацікавіла неверагоднай лёгкасцю, іроніяй і гумарам, якога там вельмі шмат. Гэта п'еса пра любоў да жыцця, пра тое, як для ўсіх нас важна ўзаемаруменне, уменне дараваць, кахаць і як часам бывае позна спахапіцца і аддаць даўгі. Гэта гісторыя пра кожнага з нас", - сказаў ён.

Рэжысёр расказаў, што з Тамарай Міронавай пасябраваў, іграючы ў спектаклі "Вяселле". Ён ахарактарызаваў актрысу як вельмі душэўнага, цёплага і вясёлага ў жыцці чалавека, з якім прыемна ўзаемадзейнічаць.

"Я крыху рызыкаваў, таму што ўзяў на галоўныя ролі дзвюх сваіх сябровак - Няфёдаву і Міронаву. Мне было крыху страшна працаваць з імі як рэжысёру. Паміж акцёрам і рэжысёрам існуе паняцце "на роўных". Але яны мяне слухаюцца, і мы заўсёды знаходзім агульную мову. Наша сяброўства падмацавана такой творчасцю", - прызнаўся ён.

Прэм'еру трагікамедыі "Апошні атракцыён" прадставяць 27 снежня на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Захапляючая гісторыя разгортваецца ў адным з пансіянатаў, які можа знаходзіцца ў любым месцы свету. Дзве паненкі б'юцца аб заклад, і бойка будзе без правіл, з надзвычай жорсткімі розыгрышамі і забароненымі прыёмамі. Што атрымае пераможца і чым скончыцца гэта амаль смяротная гульня, глядач даведаецца, калі прыйдзе на спектакль.

Галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць народная артыстка Беларусі Тамара Міронава і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы заслужаная артыстка Беларусі Вольга Няфёдава.

Пачатак прэм'еры ў 19.00. Наступныя паказы спектакля "Апошні атракцыён" запланаваны на 11 і 20 студзеня 2023 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі