Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2019, 13:09

Заслаўе 25 студзеня стане пляцоўкай вялікага свята музыкі

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XIX Свята музыкі "Заслаўе - 2019" пройдзе 25 студзеня ў старажытным беларускім горадзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінаблвыканкама.

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга прадаўжае серыю музычна-асветных мерапрыемстваў пад агульнай назвай "Гiстарычныя канцэрты ў старажытных цэнтрах Беларусi".

Галоўнай падзеяй свята стане конкурс юных выканаўцаў на струнных смычковых інструментах, на сцэну выйдуць вучні музычных школ Мінскай вобласці.

Адбудуцца таксама два канцэрты творчых калектываў аркестра: ансамбля трубачоў і трамбаністаў, флейтыстаў і кларнетыстаў, струннага квартэта і струннага аркестра, вакальнага ансамбля, дуэта арфы і скрыпкі. Усе гэтыя варыяцыі можна будзе пачуць у Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў, у тым ліку ў час адкрыцця выставы сучаснага айчыннага ткацтва "Спадчына" Беларускага саюза мастакоў.

Увечары ж паклоннікаў жывога гуку запрашаюць на вялікі канцэрт джазавай музыкі "Неба і зоркі". Выступіць біг-бэнд аркестра - лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела, Валерыя Грыбусава, Ягор Шаранкоў.

Арганізатарамі свята выступаюць Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Мінскі раённы выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі