
22 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У Магілёве пройдзе міжнародны дыстанцыйны творчы конкурс "Залатая восень". Аб гэтым БЕЛТА расказалі ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца дзеці і падлеткі ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў: навучэнцы і выхаванцы студый выяўленчага мастацтва і мастацкіх гурткоў, цэнтраў культуры і школ мастацтваў, а таксама агульнаадукацыйных школ краін блізкага і далёкага замежжа. Канкурсанты могуць заявіцца ў некалькіх намінацыях: "Жывапіс", "Графіка", "Дэкаратыўна-прыкладная творчасць", "Змешаная тэхніка", "Мастацкае слова". Іх творчасць будзе ацэньвацца ў пяці ўзроставых катэгорыях.
"Мы прапануем удзельнікам творча асэнсаваць такую пару года, як восень, - расказалі ў абласным метадычным цэнтры. - Ім неабходна ўбачыць і паказаць цікавыя асеннія сюжэты, пейзажы і ператварэнні ў прыродзе. Немалаважна развіваць у дзяцей і творчай моладзі здольнасці да самавыяўлення праз практычную дзейнасць".
Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 30 лістапада на электронны адрас mogomc@mogomc.by. Да пісьма неабходна прымацаваць фатаграфію ўдзельніка і здымак конкурснай работы або спасылку на відэа конкурснага выступлення. Ад аднаго ўдзельніка прымаецца адна заяўка на адну або некалькі намінацый.
Пераможцы конкурсу па намінацыях і ўзроставых катэгорыях узнагароджваюцца дыпломамі I, II, III ступені з прысваеннем звання лаўрэат і дыпламант. У кожнай намінацыі таксама прысуджаецца Гран-пры.-0-