Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 ліпеня 2025, 10:54

Закрыццё фестывалю, тэатральныя сустрэчы. Чым запомніцца гасцям "Славянскі базар у Віцебску" 

(АБНОЎЛЕНА)

13 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае закрыццё XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе сёння ў Летнім амфітэатры. Якія яшчэ мерапрыемствы чакаюць гасцей маштабнага форуму, карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дырэкцыі фестывалю.

Чуллівую казку без слоў "Дзюймовачка" па матывах твора Ганса Хрысціяна Андэрсена паказалі ў Беларускім тэатры "Лялька". Вядомая кожнаму дзіцяці гісторыя пра малышку, якая трапляла ў розныя складаныя сітуацыі, для дарослых пакажацца не простай чарадзейнай выдумкай, а аповесцю аб прыняцці, спробе адпавядаць чужым уяўленням і ўпісацца ў свет, дзе цябе не разумеюць. Псіхалагічны падтэкст пастаноўкі ўзмацняецца тым, што ў спектаклі не вымаўляецца ні адной фразы і ўсе перажыванні герояў бачны праз учынкі і адносіны да іншых. Віцебскія лялечнікі запрашаюць у тэатр у 11.00 і 13.00.

Журы XXXIV Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" адказала на пытанні журналістаў на прэс-канферэнцыі ў 11.00.
У музеі-сядзібе Ільі Рэпіна "Здраўнёва" ў 12.00 правялі прэзентацыю выставы "Крэмлі і святыні".

На плошчу Свабоды ўсе жадаючыя маглі паглядзець на выступленне ўдзельнікаў V абласнога свята-конкурсу "Модны дывертысмент".

Расійскі спявак Сяргей Любавін выступіў у канцэртнай зале "Віцебск" у 16.00. Разам з ім у праграме прынялі ўдзел артысткі Кацярына Галіцына, Вікторыя Алешка, Ганна Благава.

Фінал акцыі МУС "За бяспеку - разам!" сабраў актыўных жыхароў і гасцей Віцебска на плошчы Перамогі. У гэтым годзе ў інтэрактыўным мерапрыемстве можна было выйграць горны веласіпед.

У рамках дзён Саюзнай дзяржавы ў абласной філармоніі быў запланаваны праект "Галасы нашых душ". На сцэне выступілі хор Стрэчанскага манастыра і Мітрапаліцкі хор Мінска. Духоўныя і эстрадныя песні можна было пачуць у 18.00.

Маскоўскі драматычны тэатр "Сфера" прадставіў у фестывальнай сталіцы спектакль "Раскас" па матывах апавяданняў Васіля Шукшына. Гісторыі, аб'яднаныя тэмай кахання, артысты расказалі і паказалі ў 18.00 у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Урачыстае закрыццё фестывалю, які 34-ы раз збірае ў Віцебску творчых людзей з розных краін, адбудзецца ў 20.30 на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы - у Летнім амфітэатры. Таксама гледачы сустрэнуцца з удзельнікамі конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Вакалісты выканаюць славянскі хіт у суправаджэнні аркестра. Па выніку першага конкурснага дня лідзіруе прадстаўнік Італіі - Даменіка Барбера, які атрымаў вышэйшую адзнаку журы - 70 балаў. Канкурсанты з Казахстана (Алмагуль Баталіева) і Арменіі (Давід Кіракасян) дзеляць другое месца з 68 баламі. Чацвёрку лідараў замыкае беларуска Лера Бернатовіч - у яе 67 балаў. Вечарам вырашыцца, хто ж з удзельнікаў заваюе Гран-пры.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі