Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 сакавіка 2015, 13:31

Заяўкі на XI Нацыянальны тэлевізійны конкурс "Тэлевяршыня" прымаюцца да 31 сакавіка

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяўкі на XI Нацыянальны тэлевізійны конкурс "Тэлевяршыня" прымаюцца да 31 сакавіка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

Для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца тэлепраграмы любой працягласці вытворчасці рэспубліканскіх і рэгіянальных тэлевяшчальных арганізацый, іншых вытворцаў розных форм уласнасці рэспублікі, якія выйшлі ў эфір у 2014 годзе.

Конкурс праводзіцца па 25 намінацыях. Гран-пры "Тэлевізійны праект года" будзе прысуджаны маштабнаму сацыяльна значнаму тэлевізійнаму праекту, які атрымаў шырокі грамадскі рэзананс у рэспубліцы. Па выніках мінулага года будуць названы "Лепшая грамадска-палітычная праграма", "Лепшая тэматычная праграма", "Лепшая штотыднёвая інфармацыйна-аналітычная праграма", "Лепшы дакументальны фільм (цыкл)", "Лепшая штодзённая інфармацыйная праграма", "Лепшая праграма для дзяцей і юнацтва", "Лепшая культурна-асветная праграма", "Лепшая сацыяльная рэклама", "Лепшая забаўляльная праграма", "Лепшы праект рэгіянальнага тэлебачання", "Лепшая інфармацыйная праграма рэгіянальнага тэлебачання", "Лепшая тэматычная праграма рэгіянальнага тэлебачання", "Лепшы тэлевізійны дызайн". Журы таксама назаве пераможцаў у індывідуальных намінацыях "Лепшы вядучы грамадска-палітычнай праграмы", "Лепшы вядучы тэматычнай праграмы", "Лепшы вядучы інфармацыйна-аналітычнай праграмы", "Лепшы рэпарцёр", "Лепшы вядучы штодзённай інфармацыйнай праграмы", "Лепшы вядучы забаўляльнай праграмы", "Лепшы тэлевізійны прадзюсар (прадзюсарская група)", "Лепшы рэжысёр (рэжысёрская група)", "Лепшы аператар (аператарская група)", "Лепшы сцэнарыст (сцэнарная група)", "Лепшы вядучы рэгіянальнага тэлебачання".

Акрамя таго, арганізацыйны камітэт конкурсу прыняў рашэнне аб уручэнні спецыяльнага прыза XI Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" лепшаму тэлепраекту на тэму Вялікай Айчыннай вайны і Вялікай Перамогі.

Праграму або саіскальніка на прэмію могуць прадставіць толькі тэлевяшчальнікі або вытворцы (тэлевізійныя кампаніі, студыі, прадзюсарскія цэнтры, аб'яднанні). Прадстаўленыя работы павінны быць на рускай або беларускай мовах або перакладзены на іх.

Журы, у склад якога ўваходзяць вядомыя рэжысёры, сцэнарысты, акцёры, журналісты, вызначыць па тры фіналісты ў кожнай намінацыі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" адбудзецца ў Мінску ў другой палавіне мая 2015 года.

Заснавальнікамі конкурсу выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца па адрасе: 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з паметкай "Нацыянальны тэлевізійны конкурс "Тэлевяршыня".
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі