Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 верасня 2019, 15:47

Заяўкі на конкурс юных музыкантаў Беларускага дзіцячага фонду прымаюцца па 25 верасня

16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяўкі на рэспубліканскі конкурс юных музыкантаў "Музыка дзіцячай душы" для дзяцей-сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі прымаюцца па 25 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла каардынатар праектаў фонду Юлія Капцэвіч.

З 1988 года Беларускі дзіцячы фонд рэалізуе праграму "Юныя таленты". Яна прадугледжвае дапамогу таленавітым дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і сіротам: адукацыйную падтрымку, арганізацыю канцэртаў, выставак, конкурсаў, набыццё неабходнага музычнага абсталявання і інструментаў, мастацкіх прылад, канцэртных касцюмаў, правядзенне творчага семінара "Юныя таленты", уручэнне стыпендый Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў "Мы верым у цябе!" Многія з тых, каго падтрымаў фонд, сталі вядомымі артыстамі беларускай эстрады, педагогамі-мастакамі, музыкантамі, пісьменнікамі, фатографамі.

"Мы зноў гатовы адкрываць юныя таленты і дапамагаць ім у творчым станаўленні, таму і аб'явілі конкурс "Музыка дзіцячай душы". У ім мы запрашаем паўдзельнічаць сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце 10-18 гадоў, якія займаюцца музыкай і вакалам. Праект пройдзе па ўсёй рэспубліцы. Конкурс пачнецца з тураў у абласцях і Мінску. Пераможцаў будуць вызначаць у дзвюх намінацыях: вакал акадэмічны і народны, інструментальная музыка ў трох узроставых катэгорыях: 10-12, 13-15 і 16-18 гадоў", - расказала Юлія Капцэвіч.

На рэспубліканскі тур з абласцей накіруюць да шасці ўдзельнікаў - пераможцаў рэгіянальных конкурсаў. "У выніку будуць адзначаны лепшыя выканаўцы ў сваіх намінацыях і ўзроставых групах. Дарэчы, конкурс падтрымалі вядомыя музыканты і вакалісты, якія ўвойдуць у склад журы", - адзначыла каардынатар праекта.

Пераможцам уручаць каштоўныя прызы ад Беларускага дзіцячага фонду і членаў журы. Больш падрабязна з умовамі конкурсу можна азнаёміцца на сайце фонду. Партнёры праекта - БПБ-Ашчадбанк і кампанія MasterCard.

Беларускі дзіцячы фонд больш за 30 гадоў аказвае матэрыяльную, медыцынскую, сацыяльную і іншую дапамогу дзецям, у першую чаргу сіротам, інвалідам і цяжкахворым, падтрымлівае таленавітых дзяцей з іх ліку. За шматгадовую плённую дзейнасць па ахове правоў і інтарэсаў дзяцей фонду аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі і ўручана прэмія "За духоўнае адраджэнне", ён узнагароджаны Ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, многіх міністэрстваў і ведамстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі