Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 студзеня 2023, 09:44

"З казкай па жыцці". Выстава да 90-годдзя вядомага кніжнага ілюстратара Алены Лось прадстаўлена ў НББ

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжна-мастацкая выстава "З казкай па жыцці", прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння вядомага ў Беларусі і за межамі краіны кніжнага ілюстратара, станковага графіка Алены Лось (1933-2013) прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт установы.

З імем Алены Лось звязана залатое дзесяцігоддзе беларускай кніжнай ілюстрацыі (1970-я гады). Яе работы ўвайшлі ў другі том энцыклапедыі "Савецкая кніжная ілюстрацыя", дзе былі прадстаўлены лепшыя ілюстратары савецкага часу.

Мастачка пакінула багатую творчую спадчыну. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца каля 200 выданняў, аформленых Аленай Лось, і каля 40 эстампаў. Дакументы, якія прадстаўлены на выставе, адлюстроўваюць адну з галоўных асаблівасцей яе творчасці. Для дзяцей большасць яе твораў - казачная праўда, а для дарослых - нязгаснае святло дзяцінства. У асабістым жыцці мастачкі было шмат суму і трагізму, аднак казка была яе надзейным спадарожнікам і ратавальнікам ад невясёлай будзённасці.

У першай вітрыне экспануецца сапраўдны рарытэт - першая кніга, аформленая Аленай Лось, - "З добрай раніцай" Г.Шманя (1958). Таксама ёсць выданні, якія ўпрыгожвала мастачка разам з мастаком і мужам Гары Якубенем. Сярод іх - казка "Каза-манюка", першая ілюстраваная кніга творчага дуэта (1961), паэтычныя зборнікі У.Караткевіча, М.Танка, Я.Пушчы і іншых. Творчай манеры Гары Якубені ўласціва экспрэсіўнасць вобразаў, а ў лініях малюнкаў і стрыманым каларыце відаць рука Алены Лось. Вылучаецца ў іх творчым тандэме афармленне казкі "Залатая яблынька" (1962). Мастакі аформілі пераплёт, тытул, выканалі 17 ілюстрацый у новай для іх тэхніцы - лінарыце, падфарбаваным гуашшу. Са старонак непаўторнымі галасамі "загаварылі" палескія пейзажы і дамы, а сялянскае адзенне папоўнілася незвычайнымі ўборамі. Заслугоўвае ўвагі тое, што да гэтага твора мастачка звернецца яшчэ праз 10 гадоў. На падставе гэтых ілюстрацый была створана серыя літаграфій для дзіцячых садоў па беларускіх народных казках "Разумная дачка", "Залатая яблынька", "Андрэй за ўсіх мудрэй", "Ох і залатая табакерка" і інш., частка з якіх прадстаўлена ў мастацкай экспазіцыі.

У шэрагу асаблівых выданняў выставы - кніга "Дзесяць дзён у Барку" (1984). Па-першае, аўтарам апавяданняў, апублікаваных побач з ілюстрацыямі, з'яўляецца сама мастачка. У аснову кнігі пакладзены матэрыял, сабраны ёю ў час паездак у вёску Млынок на беразе Прыпяці. Па-другое, кніга ўражвае сваім каляровым рашэннем. Яно стрыманае і разам з тым багатае рознымі адценнямі. Самая галоўная каштоўнасць кнігі - яе паэтычная, высокая праўдзівасць у паказе жыцця палескай вёскі.

За дзесяцігоддзі творчага служэння беларускай кнізе Алена Лось упрыгожыла цэлую бібліятэчку самых розных выданняў. На выставе яны прадстаўлены ў раздзелах "Народныя казкі на мальберце" і "Літаратурныя казкі на мальберце". Гэта зборнікі казак і калыханак, "Слова пра паход Ігаравы", кнігі Алеся Якімовіча, Васіля Віткі, Змітрака Бядулі, Авяр'яна Дзеружынскага, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і інш.

У мастацкай экспазіцыі прадстаўлены эстампы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі: работы Алены Лось да беларускіх і рускіх народных казак, твораў Карнея Чукоўскага і Агніі Барто, створаных у перыяд 1970-1980-х гадоў.

Графічнаму почырку Алены Георгіеўны ўласціва яркая маляўнічасць, прыўзнятая мажорнасць эмацыянальнага настрою. Ва ўсім адчуваецца казачнасць, жыццёвасць і ў той жа час абагульненне, жаданне адлюстраваць навакольны свет светлым і радасным. Дзеці адлюстроўваюцца ў арганічнай еднасці з прыродай, жывёльным светам. Яна месцамі ўмоўна стылізуе выявы дзяцей, жывёл, птушак. Маленькія героі свядома пададзены вялікім планам, набліжаны да гледача, што падкрэслівае іх партрэтнасць.

Экспазіцыя дазваляе адчуць, што дзіцячая кніга давала магчымасць мастачцы акунуцца ў казачны свет, бясконца фантазіраваць і гуляць з героямі, іх знешнім выглядам, абставінамі існавання. Творы Алены Лось, напоўненыя незвычайнай прыгажосцю і цеплынёй, і сёння прыцягваюць увагу малых чытачоў.

Акрамя кніжнай графікі, на працягу ўсяго творчага шляху Алена Лось захаплялася нацюрмортамі, дзе яна праявіла сябе як выдатны каларыст. Таксама ў яе быў любімы занятак - ствараць лялек з таўкача для бульбы. Яна лічыла, што менавіта яны дораць ёй творчы настрой і натхненне, праганяюць сум. Серыя лялек "Паненкі" стваралася ў перыяд з 1997 па 2000-я гады. Сёння іх можна знайсці ў прыватных калекцыях мастакоў, пісьменнікаў, музейшчыкаў, бібліятэкараў - усіх, хто некалі завітаў на творчы востраў Алены Лось. Адна з такіх лялек прадстаўлена на выставе.

Выстава будзе працаваць па 10 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі