Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 студзеня 2024, 13:38

З Каляд у Раство, а потым у Новы год. Як беларусы захоўваюць свае традыцыі на працягу стагоддзяў

Фота з архіва
Фота з архіва
5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як беларусы захоўваюць свае традыцыі на працягу стагоддзяў, расказала вядучы навуковы супрацоўнік культурна-адукацыйнага аддзела Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Таццяна Палітыка на "Калядках у Купалавым доме", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Калядкі ў Купалавым доме" - гэта традыцыйнае свята ў літаратурным музеі Янкі Купалы. Тут кожны год дзецям не толькі расказваюць гісторыю беларускіх традыцый, але і далучаюць да іх, дазваляючы пабыць у ролі калядоўшчыкаў. "Каляды - адно з самых старадаўніх свят Беларусі. Яно існавала яшчэ ў дахрысціянскія часы. Тады нашы продкі жылі па прыродным календары і адзначалі святы ў залежнасці ад таго, што бачылі і рабілі. Напрыклад, восенню яны святкавалі збор ураджаю - "Багач", вясной - "Гуканне вясны", летам - Купалле, а вось зімой - Каляды", - расказала Таццяна Палітыка.

Яна адзначыла, што назва "Каляды" паходзіць ад беларускага слова "кола", якое ў перакладзе азначае круг. Ён сімвалізуе кругаварот жыцця. "Нашы продкі адзначалі Каляды 25 снежня. 22 снежня на нашу зямлю прыходзіць самая доўгая ноч, якая затрымліваецца ў нас на некалькі дзён. І вось з 25 снежня ноч пачынае змяншацца, а дзень павялічвацца. І нашы продкі, якія жылі менавіта па сонечным календары, казалі, што сонца павярнула на лета і прыйшоў Новы год. Потым шмат што мянялася. З часам пасля з'яўлення Раства католікі пакінулі 25 снежня, праваслаўныя пачалі адзначаць 7 студзеня. Але сэнс свята застаўся ранейшым - Новае жыццё", - падкрэсліла навуковы супрацоўнік.

Расказала яна і як рыхтаваліся нашы продкі да гэтага важнага дня. "На стол ставілі куццю. Па сутнасці, гэта звычайныя ячныя крупы, але туды дабаўляліся разынкі, мак, мёд, цукаты. Каша была багатая і смачная, і з яе пачынаўся святочны прыём ежы. А ўжо потым на стол ставіліся ўсе астатнія стравы. Усё самае смачнае і дарагое. Нашы продкі верылі, што калі стол будзе багаты ў гэты дзень, то і год будзе такі. І гэта традыцыя дайшла да нашых дзён. Мы і цяпер выбіраем самыя смачныя стравы, але ўжо на навагодні або калядны стол", - расказала Таццяна Палітыка.

А вось наша традыцыя абменьвацца падарункамі, звярнула ўвагу яна, прыйшла з калядавання. "Пасля застолля людзі хадзілі адзін да аднаго ў госці. Пераапраналіся ў розных звяроў і асоб, сярод якіх абавязкова была каза - як сімвал дабрабыту і шчасця. Людзі хадзілі па хатах, спявалі песні, танцавалі. У момант калядавання каза падала. Гэта быў сімвал смерці старога года, і каб яе ажывіць, трэба было яе пачаставаць. Калі гэтага не зрабіць, у тых, да каго прыйшлі калядоўшчыкі, не будзе шчасця ў новым годзе. Таму людзі стараліся несці ўсё самае смачнае. З гэтага да нас дайшла традыцыя дарыць падарункі на Новы год адзін аднаму", - адзначыла навуковы супрацоўнік.

У далейшым у Беларусь прыйшло Раство. "З часам Каляды і Раство аб'ядналіся ў сваіх традыцыях. Але вось святочную ёлку прынесла менавіта Раство. Елку ўзялі як сімвал вечнага жыцця і ўпрыгожвалі яе не проста так, а таксама сімвалічна. Спачатку гэта былі яблыкі - як адзін з біблейскіх сімвалаў. Пазней на ёлку пачалі вешаць цукеркі і тонкі медны дрот, які называлі "валасы анёла". А сёння такія ўпрыгажэнні перайшлі да нас у выглядзе дожджыку і цацак. І, вядома, на ёлцы абавязкова была зорка, якая сімвалізавала Віфлеемскую зорку. Ёлка - сімвал Раства, што цяпер ставіцца ў нас і на Новы год", - сказала субяседніца.

Паводле слоў навуковага супрацоўніка, многія дзеці і дарослыя і сёння збіраюцца ў групы, ходзяць па дамах і кватэрах і жадаюць усім шчасця ў Новым годзе. У музеі Янкі Купалы дзеці спрабуюць сябе ў ролі калядоўшчыкаў, гуляюць у калядныя гульні і глядзяць лялечны спектакль. "Мы прадаўжаем гэтыя старажытныя традыцыі, навучаючы дзяцей быць шчодрымі", - заўважыла Таццяна Палітыка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі