Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 ліпеня 2020, 11:50

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": Тут гучаць паланэзы: рэпартаж з "Паўночных Афін" - музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага

Аграгарадок Залессе за некалькі кіламетраў ад Смаргоні - адзін з цэнтраў турыстычнага прыцягнення не толькі рэгіёна, але і ўсёй Беларусі. Цікавасць не выпадковая - тут размешчаны маёнтак кампазітара, дыпламата, палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Пасля маштабных рэстаўрацыйных работ удалося аднавіць "Паўночныя Афіны", як называлі маёнтак сучаснікі кампазітара, практычна ў тым выглядзе, якімі яны былі пры жыцці вядомага ўладальніка. У атмасферу XIX стагоддзя з дамамі ў пышных уборах, элегантнымі кавалерамі, балямі і паездкамі на раскошных карэтах акунуліся і карэспандэнты БЕЛТА.

У мінулым годзе маёнтак прыняў больш за 40 тыс. гасцей, на год раней - больш за 30 тыс. Месца папулярнае, аднак так было далёка не заўсёды.

Сам Міхал Клеафас Агінскі жыў тут на працягу 20 гадоў у пачатку XIX стагоддзя. Маёнтак дастаўся яму ў спадчыну. Менавіта пры ім каля драўлянага будынка XVIII стагоддзя з'явіўся каменны палац з некалькімі заламі, аранжарэяй, англійскім паркам і альтанкамі ў розных стылях. Сюды з'язджаліся дзеячы мастацтва, багема, праводзіліся балі, музычныя і літаратурныя вечары, менавіта таму сучаснікі называлі Залессе "Паўночнымі Афінамі". Тут жа Міхал Клеафас і ствараў свае паланэзы, праўда, кажуць, што самы вядомы з іх - "Развітанне з Радзімай" - быў напісаны ў Венецыі.

У XX стагоддзі маёнтак часта мяняе гаспадароў і нават прызначэнне. У свой час быў тут і пансіянат, і дом састарэлых, перажыў маёнтак і спробы зрабіць на яго базе санаторый…

Планы аднаўлення сядзібы з'явіліся яшчэ ў пачатку 1990-х, аднак рэалізацыю іх стрымліваў недахоп сродкаў. У пачатку 2010-х дзякуючы ўвазе ўлад аб'ект быў уключаны ў рэспубліканскую і абласную інвестыцыйныя праграмы, прыцягнуты былі і спонсарскія сродкі, і сродкі трансгранічных праектаў. Як вынік, з 2015 года ў палацы дзейнічае пастаянная музейная экспазіцыя", - расказвае дырэктар дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Музей-сядзіба М.К. Агінскага" Людміла Градзіцкая.

Рэстаўрацыя была накіравана перш за ўсё на тое, каб вярнуць маёнтку выгляд двухвекавой даўнасці. Карпатлівая работа з дакументамі, захаванымі карцінамі, увага да дэталей - удалося аднавіць не толькі знешні выгляд, але і інтэр'еры палаца.

Сёння ў музеі 13 залаў, многія - музычнай накіраванасці. У адной з залаў - старадаўні раяль, у другой - арфа, вырабленая ў Англіі для каралеўскага двара ў пачатку XIX стагоддзя, на сцяне ў трэцяй - габелен французскай вытворчасці. У кабінеце - гадзіннік. Экспанату амаль 250 гадоў, але ён спраўна працуе!

Аднавілі і інтэр'еры гасцінай, каміннай залы і кабінета сакратара. У адным з памяшканняў - старадаўнія більярдны стол, шахматы, столік для гульні ў карты. Былая сталовая пераабсталявана ў канцэртную залу. Тут праводзяць музычныя вечары, тэматычныя сустрэчы, ды і для экскурсантаў арганізуюць канцэрты. Пагадзіцеся, дарагога каштуе паслухаць жывое выкананне музыкі ў тым месцы, дзе яна была напісана.

Праўда, экспанатаў, якія належалі менавіта самому Міхалу Клеафасу Агінскаму, не так і шмат. Час, а таксама тое, што маёнтак мяняў гаспадароў, не садзейнічалі захаванасці рэчаў. Аднак усе прадметы экспазіцыі з'яўляюцца аўтэнтычнымі і адносяцца да часу, калі жыў і тварыў знакаміты кампазітар.

"Захавалася галоўнае - музыка, памяць і атмасфера таго часу", - падкрэслівае галоўны хавальнік фондаў музея Юрый Шэлег.

Ён, як і іншыя супрацоўнікі музея, дапамагае гасцям перанесціся ў часе на два стагоддзі таму. Дзякуючы невялікім тэатралізаваным сцэнкам экспазіцыя літаральна ажывае. Вось сам Міхал Клеафас у рабочым кабінеце абмяркоўвае са сваім дзядзькам праект, які атрымаў назву "План Агінскага". Сенатар Расійскай імперыі прапаноўваў аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Прапанова была адхілена.

У адной з іншых залаў Юрый Шэлег выступае ўжо ў ролі сакратара і сябра Міхала Клеафаса - Леанарда Ходзькі. Дзякуючы гэтаму рознабакова развітому чалавеку захаваліся і малюнкі, па якіх аднаўлялі маёнтак, і планы Залесся. Займаўся ён і развіццём аранжарэі.

Прыбудову для цеплалюбівых раслін таксама аднавілі ў час рэстаўрацыі. Захаваўся зборнік 1821 года з апісаннем усіх раслін аранжарэі. Экзатычная калекцыя і цяпер папаўняецца згодна са спісам.

Ёсць чаму падзівіцца. Ці часта ўбачыш у нашых шыротах пладаноснае апельсінавае дрэва? А кававае? Яно таксама рэгулярна дае ўраджай, праўда, пакаштаваць мясцовую каву не ўдалося - у момант нашага візіту зярняты яшчэ не паспелі. Дабаўце да гэтага дзясяткі відаў экзатычных раслін.

Аматараў кветак запрашаюць у Залессе ў канцы лета і восенню. Бо тады пачынаюць цвісці вяргіні. Гэтыя кветкі - адзін з брэндаў музея. Цяпер тут культывуюць 19 відаў: некаторыя з іх для Беларусі ўнікальныя.

Урэшце, парк вакол маёнтка прыгожы ў любую пару года. Галоўнае - захаваліся дрэвы з векавой гісторыяй, удалося аднавіць і ўнікальныя аб'екты ў ім. Напрыклад, альтанка, пабудаваная ў кітайскім стылі. На другім паверсе - наглядальная пляцоўка, з якой адкрываецца цудоўны від на ўвесь маёнтак.

Непадалёку - альтанка Амеліі, названая ў гонар старэйшай дачкі кампазітара. "Паводле паданняў, гэта было любімае месца для роздумаў Міхала Клеафаса Агінскага. Захавалася нямала матэрыялаў на тэму таго, як выглядала альтанка раней, таму ўдалося яе аднавіць у максімальна набліжаным да арыгінала выглядзе", - расказвае Людміла Градзіцкая. Альтанка сёння - месца для правядзення музычных і літаратурных вечароў.

Краявіды парку, а таксама сажалка, старадаўні млын, драўляныя масткі і лебядзіны востраў сталі папулярным месцам для прагулак і фотасесій. Кажуць, што рэдкае вяселле ў рэгіёне абыходзіцца без наведвання наваколля маёнтка.

Дарэчы, на экскурсію па парку можна адправіцца ў раскошнай карэце - гэта адна з фішак музея. Тут працуюць над аднаўленнем стайні Агінскага, ёсць чацвераногія гадаванцы - коні і поні. Зусім нядаўна іх колькасць павялічылася: жарабя з'явілася ў поні.

Кажуць, што гэта нараджэнне стала своеасаблівым падарункам да будучага юбілею. 25 верасня будзе адзначацца 255-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Выдатная нагода для таго, каб пабываць у музеі і больш даведацца пра таленавітага земляка.

Сяргей ГАЎРЫЦКІ,

Фота Леаніда ШЧАГЛОВА

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі