Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 ліпеня 2020, 12:58

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": Храмы, музеі і фрэскі ХII стагоддзя - як захоўваюць культурны код Полацка

Самы старажытны горад Беларусі, сталіца першай дзяржавы на нашых землях, радзіма асветнікаў, адзін з наймагутнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага - гэта ўсё Полацк. Упершыню ён згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" у 862 годзе. На працягу многіх стагоддзяў Полацк нараджаў і прыцягваў таленавітых людзей, якія праслаўлялі Беларусь ва ўсім свеце. Журналісты БЕЛТА адправіліся ў родны горад Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага і даведаліся, як захоўваюць вялікую спадчыну і прымнажаюць традыцыі.

Брэнды Полацка

Сярод найбольш вядомых славутасцей Полацка ў топе ў турыстаў - Сафійскі сабор. Духоўны сімвал беларусаў стаіць на Верхнім замку каля Заходняй Дзвіны. Будаўніцтва Сафіі ў ХІ стагоддзі дэманстравала эканамічную і палітычную моц Полацкага княства.

За ўсю гісторыю свайго існавання храм перажыў шмат выпрабаванняў, перабудоў і пажараў. Сучасны выгляд сабор набыў у XVIII стагоддзі. Сёння ў храме знаходзіцца экспазіцыя Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора і канцэртная зала з арганам.

У сценах сабора праводзяцца экскурсіі, канцэрты і фестывалі. Адзін з іх - міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі" - пачалі праводзіць у 1996 годзе па ініцыятыве заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай. Больш за 30 гадоў таму ўраджэнка расійскага Краснадара прыехала ў Полацк і стала часткай яго культурнага жыцця.

"У 1990 годзе ў Полацка з'явіўся горад-пабрацім Фрыдрыхсхафен (Германія). Праз два гады я паехала туды вучыцца ў арганнай акадэміі, завязалася знаёмства з арганістамі і пачала выспяваць ідэя фестывалю. Галоўнае, што і публіка была для такой музыкі, на мае канцэрты збіралася па 500 чалавек. Беларуская арганная культура з'яўляецца часткай заходнееўрапейскай, таму гэта музыка нам блізкая", - расказала Ксенія Пагарэлая.

Некалькі гадоў таму сафійскі арган мадэрнізавалі, што значна павялічыла тэхнічныя магчымасці для музыкантаў. Велічны інструмент радуе слых аматараў класікі. "Калі сюды прыехала, то галоўным месцам у горадзе для мяне стаў сабор. Прыходзіла ў храм і адчувала незвычайную аўру, унутры невымоўнае хараство. Цяпер Полацк стаў родным горадам", - дадала арганістка.

Побач з Сафійскім саборам знаходзіцца яшчэ адно знакавае месца - карпусы былога езуіцкага калегіума. Сёння тут навучаецца каля 1 тыс. студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але яшчэ ў пачатку 2000-х тут былі толькі напаўразбураныя будынкі..

"У 2003 годзе было прынята рашэнне аб вяртанні вышэйшай адукацыі ў гістарычныя мясціны Полацка, нам перадалі карпусы калегіума. Праз два гады ў частку будынкаў пераехаў гісторыка-філалагічны факультэт (цяпер гуманітарны), які і сёння тут прадаўжае сваё развіццё. Крыху пазней да яго далучыўся факультэт інфармацыйных тэхналогій", - адзначыў прарэктар па навуковай рабоце ВНУ Юрый Голубеў.

Паступова пачалі прыводзіць у парадак іншыя будынкі. У 2016-2017 гадах маштабная рэстаўрацыя былога калегіума завяршылася. Унутры з'явілася ўпадабаная многімі адноўленая "Механічная галава" - знакаміты твор вучонага Габрыэля Грубера, які працаваў у сценах калегіума ў канцы XVIII стагоддзя. "Галава" размяшчалася ў музеі Полацкага калегіума, а пазней акадэміі, і ўяўляла сабой галаву старца з рухомымі вачамі і доўгімі сівымі валасамі.

Таксама ў будынку ёсць экспазіцыйныя прасторы, нядаўна з'явілася галерэя рэктараў - у ёй больш за 40 імёнаў.

На тэрыторыі ўнутранага дворыка калегіума галоўныя славутасці - адноўлены калодзеж XVIII стагоддзя, галерэя рэпрадукцый карцін і музычны гадзіннік з акадэмічным ходам.

Кожную гадзіну з 8.00 да 14.00 гучыць гімн студэнтаў Gaudeamus igitur і Полацкага ўніверсітэта. Адначасова па невялікім балкончыку з адной дзверцы ў другую рухаюцца фігуркі Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, першага рэктара Полацкага езуіцкага калегіума Пятра Скаргі, выкладчыка і студэнта.

Кіраўніцтва ўніверсітэта ў будучым мае намер вярнуцца да аднаўлення падвалаў калегіума, якія стануць яшчэ адным прывабным арт-аб'ектам універсітэта. У бліжэйшыя гады на тэрыторыі ўніверсітэцкага гарадка плануюць аднавіць невялікі будынак, які раней быў аптэчным корпусам. "Мы правялі разведвальныя работы, спецыялісты аднавілі знешні выгляд будынка. Гэтым летам студэнты зоймуцца археалагічнымі раскопкамі, адкрыем захаваныя пад зямлёй скляпеністыя падвалы. У задуме - рэканструяваць корпус у 2021 годзе да 440-годдзя ўніверсітэта", - дадаў Юрый Голубеў.

Адноўленыя карпусы калегіума ўключаны ў турыстычныя маршруты Полацка. Штогод былы езуіцкі калегіум наведвае каля 15 тыс. чалавек.

Ёсць у Полацку месца, якое па праву лічаць жамчужынай не толькі ўсходнеславянскай, але і сусветнай архітэктуры - Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Так яе называюць не толькі з-за шаноўнага ўзросту (храм пабудаваны ў XII стагоддзі), але і з-за ўнікальных фрэсак і археалагічных адкрыццяў. Каля сцен царквы ў апошнія гады ідуць раскопкі.

Старшы выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Коц расказаў, што першыя археалагічныя даследаванні на прылеглай тэрыторыі храма пачалі ў 2015 годзе, да гэтага яго фактычна не вывучалі.

"У тым годзе мы высветлілі, што храм быў значна большы, і многае з таго, што было пабудавана ў першапачатковым выглядзе ў XII стагоддзі, разбурана. У свой час да храма былі прыбудаваны галерэі, а з боку ўвахода знаходзіўся экзанартэкс (гэта як хол, але ў храме). Ужо з 2017 года пачаліся рэгулярныя раскопкі. Па крупінках захоўваем усе фрагменты фрэсак, якія знаходзім у зямлі. Спадзяёмся, што з часам гэты пазл атрымаецца сабраць разам", - адзначыў спецыяліст.

Напэўна, найбольшы поспех у рабоце археолагаў прынёс 2018 год. Тады спецыялісты на глыбіні каля 3 м адкапалі рэшткі памяшкання, дзе, як мяркуецца, мог быць пахаваны бацька Еўфрасінні Полацкай. Прыкладаў такога падзямелля ў старажытнарускай архітэктуры X-XIII стагоддзяў ва Усходняй Еўропе не сустракалася, што пацвярджае індывідуальны падыход у будаўніцтве храма па заказу святой. Тады пераважна ўсе мураваныя помнікі ўзводзіліся вышэй за ўзровень зямлі. Памяшканне было памерам 1,5 на 4,5 м. У яго вяла мураваная лесвіца, быў алтар і спецыяльная ніша.

Гісторыя рэстаўрацыйных работ паказала, што пра храм многае было невядома. Гэты рэлігійны і архітэктурны помнік незвычайны таму, што ў ім на 90 працэнтаў захаваліся фрэскі XII стагоддзя.

Усяго ж на аднаўленне фрэсак спатрэбілася больш за два дзесяцігоддзі карпатлівай працы беларусаў і расіян. Як лічаць спецыялісты, задума размалёўкі храма належыць Еўфрасінні Полацкай, гэта яе пасланне нашчадкам, своеасаблівы код, расшыфраваць які яшчэ трэба будзе вучоным.

У працэсе археалагічных раскопак на тэрыторыі манастыра былі зроблены важныя знаходкі, у тым ліку пячатка самой Еўфрасінні Полацкай, фрагменты плінфы з выявай музыканта-скамароха і часткі чарцяжа храма-пахавальні.

Музеі

Каб наведаць усе полацкія музеі, спатрэбіцца некалькі дзён. У Полацку толькі дзяржаўных 11 музеяў, якія аб'яднаны ў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Адзін з галоўных - Музей беларускага кнігадрукавання, адзіная ў краіне такая ўстанова.

У ім можна ўбачыць мноства беларускіх, расійскіх і заходнееўрапейскіх кніжных выданняў розных стагоддзяў. У 13 залах дэманструецца шлях беларускай (і ўсходнеславянскай) кнігі і друкаванага слова: ад рукапісаў да масавага друку.

У адной з залаў асабліва часта абнаўляецца экспазіцыя. Штогод тут размяшчаюць кнігі, якія сталі лаўрэатамі нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", дэманструючы тым самым дасягненні сучаснага айчыннага кнігадрукавання. У Скарынаўскай зале пачалі ствараць віртуальную паліцу ўсіх кніг першадрукара.

У будынку былой брацкай школы акрамя Музея беларускага кнігадрукавання працуе яшчэ і Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, адкрыты ў 1994 годзе. Прастора аформлена ў стылі еўрапейскай бібліятэкі. У экспазіцыі ёсць арыгінальныя выданні асветніка.

Закладзеныя ў ХІ-ХІІ стагоддзях (калі ў Сафійскім саборы і Спаскім манастыры пачалі збіраць кнігі і абразы) музейныя традыцыі Полацка прадаўжаюцца і ў нашы дні. За апошнія два дзесяцігоддзі ў горадзе з'явілася некалькі музеяў. Сярод іх - Дзіцячы.

У яго экспазіцыйных залах размешчаны прадметы з розных музейных калекцый ад самавара да фотаапарата, дзеці могуць даведацца пра гісторыю іх вынаходства, зразумець, што чалавек па сваёй сутнасці - стваральнік, творца.

Экспазіцыя Дзіцячага музея - пазнавальна-гульнявая прастора, дзе можна атрымаць веды, папрактыкавацца ва ўважлівасці, кемлівасці, спрытнасці, творча праявіць сябе і проста пафантазіраваць.

У верасні 2005 года ў Полацку адкрылі Прыродна-экалагічны музей. Ён размясціўся ў будынку былой воданапорнай вежы, пабудаванай у 1953 годзе.

У будынку вышынёй амаль 33 м прадстаўлена больш за 1 тыс. прадметаў прыродазнаўчагістарычнай калекцыі.

Чатыры экспазіцыйныя ўзроўні музея "нанізаны" на лесвіцу. Першы расказвае пра біялагічную разнастайнасць і ўнікальнасць прыроды Беларусі, другі ўзровень знаёміць з экалагічнымі праблемамі сучаснага горада, на трэцім сабрана інфармацыя аб запаведніках і помніках прыроды, відах жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу. На апошнім узроўні размешчаны кіналекцыйная і выставачная залы, а таксама аглядная пляцоўка.

Пасланні продкаў

Спадчына Полацкай зямлі багатая і разнастайная, патрабуе беражлівых адносін. Акрамя археалагічных артэфактаў, захаваных архітэктурных помнікаў, у Мастацкай галерэі створана ўнікальная стацыянарная выстава "Сценапіс Спаса-Праабражэнскай царквы". У ёй экспануецца адслоены алейны жывапіс XVIII-XIX стагоддзяў, зняты са сцен Спаскай царквы. Сёння ў храме адкрыты ўвесь корпус фрэскавай размалёўкі XII стагоддзя, праграма якога была створана па задуме прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Раскрываць старажытныя фрэскі яшчэ ў 1992 годзе пачаў беларускі рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі. З 2006 года да працы далучыліся спецыялісты з Расіі пад кіраўніцтвам вельмі вопытнага рэстаўратара Уладзіміра Сараб'янава. Прымяніўшы новыя тэхналогіі, якія даюць магчымасць не змываць, а адслойваць больш позні жывапіс, рэстаўратары захавалі алейныя размалёўкі.

У рассоўных стэлажах паказаны розныя біблейскія сюжэты.

"Тэхналогія дала магчымасць здымаць са сцен сюжэты да 6 кв.м. Быў захаваны жывапіс некалькіх стагоддзяў. Такога яшчэ нідзе не праводзілі. Рэстаўратары з іншых краін прыязджалі, цікавіліся нашым вопытам", - расказала загадчыца Мастацкай галерэі Ларыса Лысенка. Некаторыя кампазіцыі былі выкананы вакол аконных праёмаў, рэстаўратары так і адслаілі іх, улічваючы гэты нюанс.

Рэалізаваць маштабны праект было б немагчыма без падтрымкі дзяржавы, на работы выдзяляліся гранты фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Звычайнаму чалавеку цяжка ўявіць, наколькі карпатлівую працу правялі рэстаўратары. На плошчы амаль 1 тыс. кв.м яны скрупулёзна ачысцілі кожны міліметр фрэскавага жывапісу. Затым з ім працавалі спецыялісты Мастацкай галерэі.

Захоўваюць на Полаччыне і народную традыцыйную культуру. У мінулым годзе Міністэрства культуры надало статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Спеўнай традыцыі выканання купальскіх і жніўных песень "у перахлёст" у вёсцы Багатырская Полацкага раёна Віцебскай вобласці".

Выконвае гэтыя песні і захоўвае традыцыю народны фальклорны ансамбль "Галасы спадчыны". Ён заснаваны ў 1971 годзе пры Багатырскім сельскім Доме культуры. Удзельнікі калектыву, работнікі культуры раёна збіралі матэрыял шмат гадоў. Сустракаліся са старэйшым пакаленнем жыхароў вёскі, пыталіся, як і калі выконваліся песні. Шукалі інфармацыю таксама ў суседніх вёсках. Спевы "ў перахлёст" сталі брэндам народна-песеннай культуры раёна. Гэта спадчына не першы год прыцягвае ўвагу спецыялістаў і студэнтаў-культуролагаў.

Горад з больш чым тысячагадовай гісторыяй прадаўжае сваё развіццё як культурны і духоўны цэнтр Беларусі. На бліжэйшыя гады ў гэтай сферы Полацк плануе ажыццявіць і завяршыць некалькі праектаў: ​​адкрыць археалагічны музей, завяршыць у 2021 годзе будаўнічыя работы на Верхнім замку.

У 2024 годзе палачане маюць намер завяршыць рэстаўрацыю Спаса-Праабражэнскай царквы. Паколькі ў 2025 годзе хрысціянскі свет будзе адзначаць 900-годдзе з дня заснавання Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.

Андрэй ШЧАРБІЦКІ,

Фота Аляксандра ХІТРОВА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі