Сцяг Пятніца, 12 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лютага 2023, 18:17

XXХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе 22-26 сакавіка

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адбудзецца 22-26 сакавіка ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

За гады правядзення выстаўку наведалі сотні тысяч аматараў кнігі. Выстаўка традыцыйна збірае пісьменнікаў, выдаўцоў і прадстаўнікоў кнігагандлю з 10-30 краін блізкага і далёкага замежжа.

Год міру і стварэння, аб'яўлены ў Беларусі, стане ключавой ідэйнай лініяй, якая вызначае мерапрыемствы ў рамках кніжнай выстаўкі-кірмашу. Сугучнай будзе і назва выстаўкі 2023 года - "Свет кнігі без меж". Нацыянальны стэнд увасобіць у сабе як назву выстаўкі, так і прадэманструе сучасныя сусветныя тэндэнцыі ў кнігавыданні, у тым ліку ў Беларусі. Кніга сёння асацыюецца не толькі з папяровым носьбітам, але і з аўдыя-, відэафарматам, дапоўненай рэальнасцю, транслюемай праз усе магчымыя існуючыя інфармацыйныя рэсурсы.

Адной з асноўных пляцовак Нацыянальнага стэнда стане імправізаваная студыя, дзе на працягу ўсіх выставачных дзён будуць праводзіцца прэзентацыі новых кніжных праектаў у фармаце інтэрв'ю, дыялогаў, дыскусій журналістамі вядучых СМІ. Трансляцыя ў інтэрнэце на рэсурсах Мінінфарма, суарганізатараў, партнёраў будзе ажыццяўляцца ў дні правядзення выстаўкі з 12.00 да 18.00.

Тэматычныя пляцоўкі Нацыянальнага стэнда будуць абазначаны ўнікальнымі арт-аб'ектамі, выкананымі з выкарыстаннем дэталей друкарскага абсталявання, у рамках праекта Уладзіміра Ліхадзедава "Бацькаўшчына", што рэалізуецца пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. З адным з такіх арт-аб'ектаў шырокая аўдыторыя ўжо знаёма праз яго экспанаванне на мерапрыемствах Міністэрства інфармацыі: у рамках Дня беларускага пісьменства, кніжных выставак-кірмашоў і Нацыянальнай бібліятэцы. Гэта Зубр - адзін з сімвалаў, які ўвасабляе сучасную Беларусь. Арт-аб'екты будуць дапоўнены тэматычнымі падборкамі кніг, выпушчаных дзяржаўнымі выдавецтвамі, і прыцягнуць увагу наведвальнікаў сваёй унікальнасцю.

Цэнтральная пляцоўка - самая вялікая плошча - будзе прадстаўлена для прэзентацый дзіцяча-юнацкіх, маладзёжных літаратурных праектаў, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай паняццяў "мір" і "стварэнне".

Акрамя таго, у дзень адкрыцця выстаўкі-кірмашу ў гарадах, якія за 30-гадовую гісторыю станавіліся сталіцамі Дня беларускага пісьменства, ААТ "Белкніга" арганізуе выстаўкі-продажы дзіцяча-юнацкай літаратуры.

Сумесна з Міністэрствам культуры, дзяржаўнымі тэлеканаламі ў дні правядзення выстаўкі будзе арганізаваны паказ экранізацый, створаных па матывах папулярных кніг.

У 2023 годзе, з улікам станоўчай практыкі дапаўнення новымі ідэямі выстаўкі, будзе таксама арганізавана работа "Адукацыйнага квартала" з удзелам больш шырокага кола аўтараў вучэбнай, адукацыйнай, асветнай літаратуры і выдаўцоў сістэмы Міністэрства адукацыі.

Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў на кніжнай выстаўцы будзе арганізавана работа "Міжнароднага квартала" з запланаваным шырокім прадстаўленнем замежнай літаратуры, якая прэзентуецца дыппрадстаўніцтвамі, акрэдытаванымі ў Беларусі.

Неад'емная частка Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу - міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час". Для абмеркавання ў гэтым годзе пісьменнікам, прадстаўнікам выдавецкіх колаў, творчай інтэлігенцыі, друкарскай індустрыі краін - удзельніц выстаўкі прапанавана тэма "Някніжны свет". Любы жадаючы зможа стаць удзельнікам сімпозіума, задаючы пытанні ў рэжыме анлайн у час трансляцыі на YouTube-канале.

У рамках сімпозіума пройдзе прэзентацыя "Паліцы інтэлектуальных кніг", якія ў далейшым можна будзе набыць у цэнтральных кнігарнях сеткі ААТ "Белкніга".

11 студзеня быў дадзены старт III літаратурнаму стартапу ЛітUP, на які паступіла ўжо больш за 200 заявак. Фінал конкурсу адбудзецца 25 сакавіка ў рамках Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Пераможцы атрымаюць прыярытэтнае права на выданне сваёй кнігі ў выдавецтвах Рэспублікі Беларусь тыражом да 1000 экз. Акрамя таго, будуць прэзентаваны кнігі пераможцаў літаратурнага стартапа папярэдніх гадоў.

У час круглага стала Дня беларускага пісьменства ў Добрушы быў прэзентаваны праект "Кніжная паліца", прызначаны папулярызаваць каштоўнасці беларускага грамадства праз кнігі. Першая падборка кніг была прысвечана паняццю "справядлівасць". На выстаўцы будзе прадстаўлена чарговая падборка кніг, прысвечаная такой каштоўнасці, як мір, у выглядзе своеасаблівых пробнікаў - 12 кніг з кароткімі вытрымкамі з твораў, QR-кодам для іх спампавання, праслухоўвання, анлайн-прачытання і набыцця ў друкаваным выглядзе, з укладышам чайнай кампазіцыі з беларускіх траў: Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік "Я - з вогненнай вёскі...", Васіль Быкаў "Дажыць да світання", Іван Шамякін "Петраград - Брэст", Вячаслаў Бандарэнка "Чатыры лёсы. Адна Радзіма", Леў Талстой "Вайна і мір", Барыс Васільеў "А зоры тут ціхія", Канстанцін Сіманаў "Жывыя і мёртвыя", Эрых Марыя Рэмарк "Вяртанне", Булат Акуджава "Папяровы салдацік", Аркадзь і Барыс Стругацкія "Горад асуджаны", Антуан дэ Сент-Экзюперы "Планета людзей", Эрнест Хемінгуэй "Па кім звоніць звон".

Традыцыйна арганізатарамі выстаўкі будзе забяспечана работа паэтычнага аўтобуса, што дазволіць усім жадаючым бясплатна даехаць да месца правядзення выстаўкі, а ў час паездкі пачуць ужывую творы аўтараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі