ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 30 лістапада 2022
Мінск -5°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 ліпеня 2022, 17:38

Выставы, фестывалі, літаратурныя падворкі разгорнуцца ў Дзень пісьменства ў Добрушы

20 ліпеня, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Каля 20 асноўных пляцовак разгорнуцца ў Добрушы ў час XXIX Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 3-4 верасня. Іх тэматычнае напаўненне абмеркавалі сёння на пасяджэнні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята пад кіраўніцтвам старшыні аргкамітэта - намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў, важным момантам свята стане цырымонія ўскладання вянкоў і кветак на мемарыяльным комплексе "Памяць", ля брацкіх магіл. На набярэжнай ракі Іпуць прадставяць ваенна-гістарычную рэканструкцыю "Добруш партызанскі". Тут жа будуць працаваць інтэрактыўная экспазіцыя музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі "Памяць пакаленняў", мабільны музей "Дарога памяці" Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і праект Нацыянальнага мастацкага музея "Ніколі не забудзем".

На вул. Князя Паскевіча разгорнуцца гандлёвыя рады, выстаўка-прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу, "Паштовы павільён", маладзёжная пляцоўка. У скверы будзе працаваць дзіцячая інтэрактыўная зона. На адкрытай пляцоўцы каля фантана - лакацыі, падрыхтаваныя ўстановамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці.

Гасцей свята запросяць наведаць выстаўку рэгіянальных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Газетны бульвар", пляцоўку "Гісторыя друку Гомельшчыны". Пазнавальным і запамінальным абяцае стаць фестываль кнігі і прэсы.

У скверы на праспекце Міру госці свята пабываюць на тэматычных літаратурных падворках. Свае творчыя праекты прэзентуе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Тут жа на рамесных радах "Ад спадчыны да сучаснасці" можна будзе ўбачыць унікальныя аўтэнтычныя вырабы.

Урачыстая цырымонія адкрыцця свята пройдзе на галоўнай сцэне цэнтральнай плошчы.

Уладзімір Прывалаў адзначыў, што ў дні свята пройдуць таксама традыцыйны міжнародны фестываль "Славянскія літаратурныя дажынкі", уручэнне абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, рэгіянальнае свята духавых аркестраў "Фанфары Гомельшчыны", фестываль футбола памяці Уладзіміра Рыжанкова, персанальная выстава ганаровага грамадзяніна Добруша, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Пракапцова. Навучэнцы і выкладчыкі Гомельскага мастацкага каледжа прэзентуюць творчы праект "Добруш вачамі мастакоў".

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі расказаў пра падзеі, якія будуць папярэднічаць асноўнаму святу. Напрыклад, 31 жніўня стартуе міжнародная навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да святынь", якая завершыцца 4 верасня ў Добрушы. 2 верасня Міністэрства інфармацыі плануе правесці традыцыйны міжнародны круглы стол "Вечныя каштоўнасці праз кнігі. У аснове - справядлівасць". У дыскусію ўключацца беларускія і замежныя пісьменнікі, маладзёжныя блогеры. Ігар Бузоўскі таксама агучыў канцэпцыі друкаванай, іміджавай прадукцыі да Дня беларускага пісьменства, зрабіў акцэнты на тэматыцы і напаўненні розных пляцовак і падзей.

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі