Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 сакавіка 2019, 17:51

Выставу жывапісу "Родны край" прадставяць 27 сакавіка ў галерэі Міхаіла Савіцкага

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу "Родны край" Мікалая Назарчука адкрыецца 27 сакавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА ў Музеі гісторыі горада Мінска.

Экспазіцыя прадставіць рэтраспектыву работ мастака розных перыядаў творчасці, з сярэдзіны 1960-х гадоў да пачатку XXI стагоддзя, з калекцыі сям'і майстра, Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

"Вялікая персанальная выстава Мікалая Назарчука ўпершыню пакажа творчыя дасягненні аднаго з майстроў сучаснага беларускага мастацтва, у той жа час адкрые імя гэтага выдатнага жывапісца", - адзначыў мастацкі крытык Яўген Шунейка.

Мікалай Назарчук працаваў у розных жанрах і тэматычных напрамках алейнага, тэмпернага, акварэльнага жывапісу, стварыў сотні твораў і тысячы эскізаў, накідаў, замалёвак, многія з якіх будуць дэманстравацца на выставе. Напрыклад, карціны "Кветкі для Алаізы Пашкевіч" і "Вітольд Бялыніцкі-Біруля і Якуб Колас у Прылуках у 1945 годзе" з гістарычнага цыкла, прысвечанага легендарным дзеячам гісторыі і культуры Беларусі.

Работы "Беларусь, твой народ дачакаецца", "Адраджэнне", "Алегорыя часу" таксама будзе паказаны на выставе нараўне з такімі карцінамі, як "Маці загінулага", "Партрэт героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука", "Партрэт мастака Леаніда Баразны". "Усе героі вельмі розныя па характары і сацыяльнай ролі. Але іх аб'ядноўвае беларуская шчырасць, сціпласць і вернасць сваім маральным прынцыпам. Рысы іх задумлівых твараў надоўга запамінаюцца сваёй чалавечнасцю і праўдзівасцю пачуццяў", - расказаў мастацтвазнавец.

Паводле яго слоў, мастак - добры каларыст і майстар эцюдных нацюрмортаў, пейзажаў, партрэтаў. "Яго жывапіс багаты на кантрасты, навеяныя палескай прыродай, яго палітра гучная і разнастайная ад густых і насычаных малахітава-бурштынавых акордаў да празрыстых і сонечных паўтонаў і адценняў", - падкрэсліў Яўген Шунейка.

Выстава "Родны край" будзе дэманстравацца па 14 красавіка.

Творы майстра знаходзяцца ў музеях Беларусі і прыватных калекцыях Расіі, Польшчы, Францыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі