Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 снежня 2021, 14:04

Выставу Нікаса Сафронава "Анёл святла" прадставілі ў Брэсце

29 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра 28 снежня адкрылася персанальная выстава вядомага расійскага мастака Нікаса Сафронава "Анёл святла", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Вернісаж праходзіў у фармаце вечара ў цемнаце. Карціны суправаджаліся спецыяльнай падсветкай. Па зале нячутна перамяшчаліся "жывыя" скульптуры ў вобразе анёлаў. Кожнай даме на ўваходзе ўручалася цёмна-бардовая ружа. Усё гэта надавала мерапрыемству святочна-казачную, таямнічую атмасферу.

"Такое светлавое рашэнне выставы - задумка Нікаса Сафронава. Нам вельмі хацелася, каб наведвальнікі маглі хоць ненадоўга адарвацца ад штодзённых будняў, паглыбіцца ў прыгажосць, гісторыю кожнай канкрэтнай работы, пападарожнічаць разам з імі. Магчыма, што лепш зразумець аўтара дапамогуць яго зашыфраваныя пасланні ў назвах карцін", - сказала на адкрыцці вернісажу куратар выставы Аліса Стуканава.

У экспазіцыі прадстаўлена без малога пяць дзясяткаў жывапісных і графічных работ майстра, напісаных у розныя гады ў розных жанрах. Венецыянскія эцюды змяняюцца ўспамінамі пра Егіпет і іншыя ўсходнія краіны, марскія і гарадскія пейзажы - партрэтамі, сюжэтнымі сюррэалістычнымі кампазіцыямі ва ўласцівым Нікасу Сафронаву аўтарскім стылі. Мастацкія творы прадстаўлены як у класічным выкананні - на палотнах, так і з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій.

"Гэтай цудоўнай выставай знакамітага мастака сучаснасці, заслужанага мастака Расіі мы закрываем 2021 год і адкрываем 2022-і. Гэта гонар для нас", - адзначыла дырэктар выставачнай залы Кацярына Шаўчэнка.

Выстава "Анёл святла" ў выставачнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра на вул. Савецкай у Брэсце будзе працаваць па 30 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі