Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 верасня 2025, 14:02

Выставу беларускіх мастакоў "Аб подзвігах і героях" прадставілі ва Ульянаўску

Фота Нацыянальнага мастацкага музея
Фота Нацыянальнага мастацкага музея
1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава твораў графікі і жывапісу вядучых беларускіх аўтараў другой паловы ХХ стагоддзя "Аб подзвігах і героях" са збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адкрылася ва Ульянаўскім абласным мастацкім музеі (Расія). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай, міжнароднай і асветнай рабоце музея Вікторыя Кузьміна.

Паводле яе слоў, выставачны праект "Аб подзвігах і героях" прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году абаронцы Айчыны, аб'яўленаму ў Расійскай Федэрацыі. Ён адкрыўся ў рамках XV Міжнароднай асамблеі мастакоў "Пластаўская восень".

У экспазіцыю ўвайшлі больш за 40 твораў графікі, выкананых у розных тэхніках: афорты, лінагравюры, літаграфіі. Сярод прадстаўленых аўтараў - народныя мастакі БССР Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Сяргей Раманаў, Пётр Дурчын, Аляксандр Захараў. Многія работы аб'ядноўвае вобраз няскоранага чалавека, які, нягледзячы на боль і страты, прычыненыя вайной, не страціў чалавечае аблічча і веру ў перамогу.

"Подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці прысвечаны графічныя лісты Пятра Дурчына, Іосіфа Капеляна. Манументальная серыя каляровых літаграфій "Памяці вогненных вёсак" народнага мастака БССР, прафесара Васіля Шаранговіча створана па кнізе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка "Я з вогненнай вёскі..." У гэтай кнізе былі сабраны сведчанні больш як трыста выпадкова выратаваных людзей, якія асабіста перажылі трагедыю знішчэння іх вёскі і смерці іх родных і аднавяскоўцаў. Афорты серыі "Старая Рудзіца" Анатоля Александровіча прысвечаны трагедыі беларускай вёсачкі пад горадам Дзяржынскам, малой радзімы сям'і Александровіча, якую спасцігла доля Хатыні", - дадала Вікторыя Кузьміна.

Яна таксама падкрэсліла, што ганаровыя госці ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы народныя мастакі Расійскай Федэрацыі высока ацанілі майстэрства беларускіх мастакоў-графікаў і адзначылі ўласцівае аўтарам пачуццё любові да жыцця, якое знайшло ўвасабленне ў іх графічных творах.

Наведаць выставу можна да 26 кастрычніка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі