Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 снежня 2020, 11:09

Выстава жывапісу Уладзіміра і Андрэя Ткачэнкаў адкрылася ў Мінску

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу "На роднай зямлі" Уладзіміра і Андрэя Ткачэнкаў адкрылася 10 снежня ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 20 твораў жывапісу членаў Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра і Андрэя Ткачэнкаў. Бацька і сын, настаўнік і вучань - мастакі адначасова і падобныя, і адрозныя як па стылі, так і перавагах. "Уладзімір любіць лясны гушчар, пранізаны сонечным святлом, квітнеючыя лугі, азёры, што дыхаюць прахалодай, вясковыя вулачкі. Андрэй - гарадскі жыхар, якога захапляюць ціхае жыццё рэчаў, вобразы сучаснікаў, бытавыя сюжэты", - адзначылі арганізатары.

Мастакі абапіраюцца на традыцыі рускага рэалістычнага жывапісу, які пераймае еўрапейскі вопыт, што бярэ пачатак ад антычнасці.

Уладзімір Ткачэнка працуе ў станковым жывапісе ў жанрах пейзажа, нацюрморта, партрэта, кампазіцыі. Пейзажная лірыка мастака прысвечана апяванню ціхага хараства роднай беларускай зямлі. Мясціны, якія сталі ўжо знаёмымі, з кожным годам раскрываюцца ў яго палотнах новымі гранямі: Міншчына, Палессе, захад і ўсход Беларусі, любімы куток - Браслаўскія азёры. Работы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, прыватных зборах Расіі, Германіі, Японіі.

Андрэй Ткачэнка працуе алеем і акварэллю ў жанрах нацюрморта і партрэта. Яго жывапісныя работы, выкананыя ў рэалістычнай манеры, вызначае корпусная тэхніка. Любімы жанр - нацюрморт. Жывапісец умее дзівіцца звычайным рэчам. У яго выкананні яны напоўнены асаблівымі часцінкамі шчасця, цяпла, святла і пазітыўнай энергіі. Мяккія адценні, акуратныя мазкі і гульня ценяў ствараюць уласны аўтарскі стыль.

Экспазіцыю можна наведаць па 10 студзеня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі